За красавік па „пратэстных” крымінальных справах асуджана не менш за 98 чалавек
Па стане на 1 траўня праваабаронцам цэнтра „Вясна” вядома аб больш чым тысячы фігурантаў крымінальных спраў, якія былі распачатыя па палітычных матывах. На гэты момант у Беларусі ў месцах несвабоды ўтрымліваецца 360 палітычных зняволеных, 196 з якіх асуджаныя, у дачыненні да 28 палітвязняў ідзе судовы разбор.
Як адзначаецца ў аглядзе цэнтра „Вясна”, за красавік гэтага года спіс палітвязняў папоўніўся 39 фігурантамі крымінальных спраў; асуджана не менш за 98 фігурантаў „пратэстных” крымінальных спраў.
Геаграфія асуджаных у красавіку выглядае наступным чынам: Менск — 31; Берасцейская вобласць — 33 (Берасце, Баранавічы, Іванава, Камянец); Гарадзенская вобласць — 8 (Гародня, Навагрудак); Менская вобласць — 8 (Менскі раён, Барысаў, Маладэчна, Слуцк, Стоўбцы); Магілёўская вобласць — 8 (Магілёў, Бялынічы, Круглае); Віцебская вобласць — 5 (Віцебск, Полацк, Орша); Гомельская вобласць — 5 (Гомель, Жлобін, Ельск, Буда-Кашалёва).
Праваабаронцам вядомы адзін выпадак у Берасцейскай вобласці (Бяроза), дзе фігурант крымінальнай справы не з`явіўся на судовае пасяджэнне, пасля чаго быў абвешчаны ў вышук.
Паводле дадзеных „Вясны”, пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, выкарыстоўвалася ў 52% прысудаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову — у 21,4% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — 23,5%. Арышт прымяняўся ў 3% выпадкаў.
Такім чынам, адзначаюць праваабаронцы, пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем, прымянялася ў 100% выпадкаў пры вынясенні прысудаў па „пратэстных” крымінальных справах у красавіку.
„Маніторынг „пратэстных” крымінальных спраў дазваляе зрабіць выснову: крымінальны пераслед застаецца адной з формаў нецярпімасці беларускіх уладаў да любога праяўлення пратэсту і стварае ў грамадстве атмасферу зняверанасці з-за масавых парушэнняў праў чалавека”, — канстатуюць праваабаронцы.
Яны адзначаюць, што ва ўмовах ліквідацыі дзяржавай рэшткаў незалежнасці інстытута адвакатуры ў сувязі з прыняццем шэрагу змяненняў у заканадаўства аб адвакацкай дзейнасці, пазбаўлення шэрагу адвакатаў палітвязняў права на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці, пераследу журналістаў і праваабаронцаў зніжаецца эфектыўнасць абароны фігурантаў крымінальных спраў.
„Фарсіраванае прыняцце паправак у заканадаўства, што датычацца дзейнасці журналістаў па асвятленні мірных сходаў, супрацьдзеяння экстрэмізму, крыміналізацыя распаўсюджвання інфармацыі пра правядзенне мірных сходаў толькі павялічвае маштаб масавых парушэнняў праў чалавека. Беларускія ўлады выкарыстоўваюць рэпрэсіі ў якасці асноўнага інструмента замест спробаў наладзіць канструктыўны дыялог з пераважнай часткай грамадства, якая па сённяшні дзень ставіць пад сумнеў легітымнасць аўтарытарнай вертыкалі ўлады прэзідэнта пасля падзей жніўня 2020 года”, — робяць выснову праваабаронцы.