Праваабаронцы заклікалі спыніць крымінальны пераслед Алеся Ліпая



Шэраг праваабарончых арганізацый выступілі з заявай, у якой заклікалі спыніць крымінальную справу ў дачыненні да заснавальніка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алеся Ліпая.

Як гаворыцца ў дакуменце, які апублікаваны на праваабарончым сайце spring96.org, 12 ліпеня прайшоў месяц з моманту распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Ліпая. Справа была распачатая ўпраўленнем дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Мінску і Мінскай вобласці па факце наўмыснага ўхілення ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры за 2016—2017 гады (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Абставіны крымінальнай справы дазваляюць казаць пра яе палітычную падаплёку і ставіць у адзін шэраг з асуджэннем у 2011 годзе па тым жа артыкуле КК кіраўніка праваабарончага цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага і крымінальным пераследам кіраўнікоў незалежнага Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, справа па абвінавачванні якіх рыхтуецца да накіравання ў суд„, — адзначаюць аўтары заявы.

Праваабаронцы нагадваюць, што „крымінальная справа ў дачыненні да Алеся Ліпая была распачатая 12 чэрвеня ў 16 гадзін, між тым яшчэ за тыдзень да гэтага, 5 чэрвеня, ён падаў падатковыя дэкларацыі за 2016—2017 гады. У той жа дзень інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Партызанскім раёне Мінска наклала на яго адміністрацыйнае спагнанне за несвоечасовае прадстаўленне падатковых дэкларацый і зрабіла разлік сумы падаткаў і пені, якія былі выплачаныя ў поўным аб’ёме 12 чэрвеня ў 13.40”.

Такім чынам, да моманту распачынання крымінальнай справы аб наўмысным ухіленні ад выплаты падаткаў Ліпай не толькі задэклараваў даходы, але і цалкам заплаціў усю суму налічаных падаткаў і пені, — канстатуюць праваабаронцы. — Нягледзячы на гэта справа была распачатая, праз два дні па месцы жыхарства Ліпая зроблены вобыск і накладзены арышт на яго маёмасць, а 26 чэрвеня вынесеная пастанова аб прымяненні ў дачыненні да яго працэсуальнага прымусу ў выглядзе абмежавання на выезд з Беларусі„.

Гэтыя дзеянні мы звязваем з агульнай тэндэнцыяй узмацнення націску на недзяржаўныя СМІ і інтэрнэт-рэсурсы ў Беларусі (у тым ліку ўнясенне зменаў у заканадаўства аб СМІ)„, — заяўляюць праваабаронцы.

Яны адзначаюць, што „адным з рычагоў націску на незалежныя медыя з’яўляецца іх эканамічная дыскрымінацыя”. „Яна праяўляецца, у прыватнасці, у фактычнай забароне замежных інвестыцый у СМІ, з аднаго боку, і ў штогадовым бюджэтным фінансаванні дзяржаўных СМІ ў памеры каля 50 млн еўра, з іншага. Дзяржаўныя СМІ маюць і іншыя неканкурэнтныя перавагі (прымусовая падпіска насельніцтва на друкаваныя выданні, уключэнне тэлеканалаў у „агульнаабавязковы” пакет, рэкламныя прэферэнцыі і да т.п.)„, — гаворыцца ў заяве.

Да фінансавых мераў націску на незалежную журналістыку, — адзначаюць праваабарончыя арганізацыі, — мы адносім і штрафы журналістам-фрылансарам за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі (па адвольна трактаванай міліцыяй і судамі частцы 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, якая прадугледжвае пакаранне за парушэнне парадку вырабу і (або) распаўсюджвання прадукцыi СМІ). Журналістаў штрафуюць не за змест іх матэрыялаў, а за сам факт іх з’яўлення ў замежных медыя„.

У заяве таксама адзначаецца, што 2017 год „апынуўся рэкордным па колькасці судовых штрафаў па гэтым артыкуле КоАП і іх агульнай суме: 69 штрафаў на суму, эквівалентную амаль 53 тыс. еўра (гэта больш, чым за тры папярэднія гады, разам узятыя)„. „Аднак сёлета сітуацыя толькі пагоршылася, і колькасць штрафаў па ч. 2 арт. 22.9 ўжо набліжаецца да 60, а сума — да эквіваленту 50 тыс. еўра. І гэта адбываецца ў сітуацыі, калі пытанне пра пераслед журналістаў-фрылансараў, матэрыялы якіх з’яўляюцца ў замежных СМІ, ужо некалькі гадоў абмяркоўваецца ў рамках Дыялогу аб правах чалавека паміж Еўрапейскім саюзам і Рэспублікай Беларусь„, — гаворыцца ў заяве.

У справе Алеся Ліпая мы таксама бачым спробы некаторых структур выкарыстоўваць фінансавае заканадаўства для таго, каб перашкодзіць працы незалежных СМІ”, — заяўляюць праваабаронцы.

Лічым, што крымінальны пераслед кіраўніка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая звязаны з яго прафесійнай дзейнасцю і з’яўляецца спробай перашкодзіць працы інфармацыйнага агенцтва БелаПАН — адной з самых аўтарытэтных незалежных крыніц дакладнай і аператыўнай інфармацыі пра Беларусь, — гаворыцца ў заяве. — Заклікаем спыніць крымінальную справу ў дачыненні да Алеся Ліпая„.

Таксама праваабаронцы заклікалі ўлады Беларусі „выконваць палажэнні артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах пры ўсталяванні абмежаванняў на свабоду выказвання меркавання і спыніць пераслед журналістаў-фрылансараў за ажыццяўленне імі сваёй прафесійнай дзейнасці, якая не парушае межы гэтай свабоды”.

Заяву падпісалі^ ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў”, праваабарончы цэнтр „Вясна”, экспертна-прававое таварыства „Ініцыятыва FORB”, РГА „Прававая ініцыятыва”, РПГА „Беларускі Хельсінкскі камітэт”, асветніцкая ўстанова „Цэнтр прававой трансфармацыі”, ініцыятыўная група „Ідэнтычнасць і права”, Асамблея НДА, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека, кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве „Х’юман Канстанта”, асветніцка-дабрачынная ўстанова „Камітэт „Салідарнасць”.   БелаПАН