Праваабаронцы заяўляюць пра катаванні ў месцах пазбаўлення волі
Неабходна вывесці папраўчыя ўстановы з сістэмы МУС, а таксама ўзмацніць грамадскі кантроль за імі. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы „Рэспубліка Беларусь: месцы несвабоды. 2017”, прэзентацыя якой адбылася 18 студзеня ў Менску.
Вывучыўшы даступныя матэрыялы, аўтар маніторынгу Павел Сапелка — юрыст закрытага ўладамі Праваабарончага цэнтра „Вясна” — робіць высновы пра тое, што зняволеныя ў Беларусі ўтрымліваюцца ва ўмовах, якія часта можна назваць непрымальнымі з-за неарганізацыі бяспечнага ўтрымання, нізкай якасці і недахопу харчавання, цеснаты, непавагі да асабістай годнасці, невыканання санітарна-гігіенічных правілаў.
Паводле інфармацыі Сапелкі, у месцах пазбаўлення волі ў Беларусі за апошнія гады зафіксаваны выпадкі катаванняў, жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з вязнямі. „Гэтыя выпадкі не заўсёды расследуюцца аб’ектыўнай і незалежнай інстанцыяй. Следчы камітэт і пракуратура з прычыны ўскладзеных на іх функцый і кампетэнцыі не папаўняюць адсутнасці нацыянальнага праваабарончага механізму”, — гаворыцца ў справаздачы.
Як лічыць яе аўтар, знаходжанне месцаў пазбаўлення волі і следчых ізалятараў у сістэме МУС не дазваляе размежаваць функцыі крымінальнага пераследу і выканання пакаранняў, забяспечыць недатыкальнасць абвінавачваных, якія знаходзяцца пад вартай.
Справаздача змяшчае наступныя рэкамендацыі для прадстаўнікоў заканадаўчай улады і ўпаўнаважаных дзяржорганаў:
– прыняць меры па выключэнні выпадкаў катаванняў і жорсткага, зневажальнага абыходжання ў месцах пазбаўлення волі, па кожным такім выпадку праводзіць своечасовую аб’ектыўную праверку і прыцягваць вінаватых да крымінальнай адказнасці;
– забяспечыць права зняволеных на атрыманне даступнай юрыдычнай дапамогі і судовай абароны;
– вывесці папраўчыя ўстановы і СІЗА з сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў;
– ліквідаваць інстытут лячэбна-працоўных прафілакторыяў, дзе ўтрымліваюцца грамадзяне, якія не ўчынілі злачынстваў;
– прыняць меры па прадухіленні дыскрымінацыі зняволеных у працоўнай сферы;
– паслядоўна паляпшаць умовы ўтрымання зняволеных калоній і турмаў, а таксама стварыць умовы для ажыццяўлення эфектыўнага грамадскага кантролю за месцамі несвабоды.
Паводле ацэнкі праваабаронцы, большасць праблемных момантаў у пенітэнцыярнай сістэме Беларусі носяць „неўстараняльны характар”, калі не ўносіць змен у заканадаўства, якое рэгулюе гэту сферу, а сама сістэма носіць хутчэй карны, чым папраўчы характар.
„Калі мы кажам у цэлым аб сітуацыі з правамі чалавека ў месцах пазбаўлення волі, мы гаворым пра тое, што нішы магчымасці вельмі абмежаваныя. І толькі рэальны грамадскі кантроль зможа палепшыць становішча ў месцах пазбаўлення волі. На жаль, цяперашні грамадскі кантроль істотна абмежаваны, у першую чаргу заканадаўча”, — падкрэсліў Павел Сапелка.