Праваслаўная царква Польшчы выступіла супраць украінскай аўтакефаліі
Архіерэйскі сабор Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (ПАПЦ) забараніў сваім святарам кантактаваць з духавенствам Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага патрыярхата і Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Пра гэта гаворыцца ў заяве ПАПЦ па выніках сабору. Афіцыйны дакумент датаваны 15 лістапада.
„Свяцейшы Архіерэйскі сабор забараняе святарам ПАПЦ уступаць у літургічныя і малітоўныя кантакты з „духавенствам” так званага Кіеўскага патрыярхату і так званай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, якія ў мінулым учынілі шмат зла” – гаворыцца ў паведамленні.
У ПАПЦ адзначылі, што асобы, якія пазбаўленыя епіскапскага рукапалажэння, не могуць быць лідарамі ва ўстанаўленні міру ў праваслаўнай царкве Украіны, а іх дзеянні выклікаюць „яшчэ большую блытаніну і скандал”. „Толькі захоўванне дагматычных і кананічных нормаў царквы і захаванне старых традыцый абароніць праваслаўе ад складаных царкоўных наступстваў у міжнародным маштабе”, – сказана ў паведамленні. Аўтакефальная памесная праваслаўная царква ў Польшчы – другая па колькасці паствы пасля каталіцкага касцёлу. Яна займае 12-е месца ў дыптыху аўтакефальных памесных цэркваў Канстанцінопальскага патрыярхату і 13-е месца ў дыптыху Маскоўскага патрыярхату.
ПАПЦ атрымала томас на аўтакефалію ад Усяленскага патрыярхату ў 1924 годзе. Аўтакефалія тады была прызнана іншымі памеснымі цэрквамі, акрамя Маскоўскага патрыярхату, які разарваў зносіны з епіскапатам Польшчы.
У 1948 годзе Польская Праваслаўная Царква атрымала аўтакефалію ад Расейскай Праваслаўнай Царквы.
Узначальвае ПАПЦ зараз мітрапаліт Сава, яе цэнтр знаходзіцца ў Варшаве.
Польская Праваслаўная Царква зараз стала другой памеснай праваслаўнай царквой, услед за сербскай, якая падтрымала Расейскую Праваслаўную Царкву ў яе канфлікце з Канстанцінопальскім патрыярхатам, які хоча даць Украіне аўтакефалію. Маскоўскі патрыярхат катэгарычна супраць такога прадастаўлення аўтакефаліі.
Беларускае Радыё Рацыя