Праваслаўныя адзначаюць 610-годдзе Сынковіцкага храма



З самай раніцы ў суботу, 16 верасня, праваслаўныя вернікі і людзі іншых канфесій з усёй Беларусі прыехалі ў вёску Сынковічы Зэльвенскага раёна, каб адзначыць 610-годдзе славутай Сынковіцкай царквы.

Мерапрыемствы з гэтай нагоды пачаліся ў храме а 9 гадзіны з боскай літургіі і хрэснага ходу. Літургію правёў архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій (Аляксандр Кішчанка) разам з іншымі праваслаўнымі святарамі епархіі.  

А потым урачыстасць працягвалася на спецыяльнай сцэне, якая была ўстаноўлена каля храма. Са сцэны гучалі вітанні з нагоду юбілею царквы ад архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, зэльвенскіх і гарадзенскіх чыноўнікаў. Усе прысутныя паглядзелі і паслухалі ў гэты дзень канцэрты духоўнай музыкі з удзелам хора духавенства Гарадзенскай епархіі, ансамбля “Аксіос” і хора прыхода Сынковіцкага храма, мужчынскага вакальнага ансамбля “Арнамент” з Менску, салістаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, калектываў аматарскай творчасці Зэльвеншчыны.

Падчас юбілейнай урачыстасці на пляцоўках каля храма працавалі выставы мастацкай творчасці, майстар-класы і гандаль сувенірамі.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён

Фота аўтара