Праваслаўныя адзначаюць Дабравешчанне



7-га красавіка, выпадае вялікае свята Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы. Яно належыць да нерухомых святаў у гонар Божай Маці і адзначаецца 25 сакавіка (7 красавіка).

Cвята адзначалася ўжо ў апостальскія часы і называлася «Пачаткам Адкуплення» або «Дабравешчаннем аб Хрысце», бо расходзілася пра навіну аб зачацці Сына Божага як чалавека. У 3-м стагоддзі яго адзначалі ўжо надзвычай урачыста, а ў 4-м была ўстаноўлена цяперашняя дата свята. Падставай для свята паслужыла абвяшчэнне арханёлам Дзеве Марыі, што з Яе народзіцца Эмануіл — Месія, Сын Божы, Ісус Хрыстос. Сама падзея дакладна апісана ў Евангеллі. Марыя ўспрыняла словы арханёла з вялікай пакорай. «Я — служка Гасподняя, хай станецца паводле слова твайго», — сказала Яна, затым спешна накіравалася да Елізаветы, будучай маці Яана Хрысціцеля, каб падзяліцца з ёю гэтай радаснай, незвычайнай весткай. Яе адказ, гэта тое славутае лацінскае слова «Фіят»— «хай гэтак будзе», «хай станецца».

У дзень свята Праваслаўная Царква радасна адзначае «пачатак нашага збаўлення» — пачатак Новага Запавету і дзень Уцелаўлення Сына Божага.

Дабравешчанне прыпадае пераважна на час Вялікага Посту: ад чацвярга трэцяга тыдня Посту да серады Светлага Тыдня, што здараецца вельмі рэдка. Паколькі – як правіла- выпадае ў час Вялікага Посту, дык і мае толькі па адным перад- і паслясвяточным дні.

У святочных сціхірах падкрэсьліваецца пакора Божай Маці і тайна Уцелаўлення Сына Божага, недаступная чалавечаму розуму. Маці Божая прыраўноўваецца да «незгаральнага куста» і драбіны, якую Язэп бачыў у сне. Гаворыцца таксама, што дзякуючы народзінам Божага Сына зямля зноў аб’ядноўваецца з небам, ажывае Адам, уваскрасае Ева, зноў адноўлена лучнасць чалавека з Богам. У апостальскім чытанні, узятым з Лісту апостала Паўла да габрэяў (2, 11-18), гаворыцца, што Ісус Хрыстос дзеля нашага збаўлення «павінен быў прыпадобніцца ва ўсіх адносінах да людзей, каб стацца міласэрным і адданым архірэям дзеля ўміласціўлення Бога за грахі людзей». Свята Дабравешчання ўрачыста адзначаецца у прыватнасці у Дабравешчанскім манастыры у Супраслі.

Беларускае Радыё Рацыя