Праваслаўныя святкуюць Пакроў Прасвятой Багародзіцы
“Прыйшоў бацюшка Пакроў, пакрыў зямліцу сняжком, а дзявіцу платком”. Так гаварылі раней пра Пакравы. У Беларусі 14 кастрычніка адзначаецца Пакроў Найсвяцейшай Багародзіцы. Загадчык філіяла Веткаўскага музея Пятро Цалка распавёў, што ў ранейшыя часы з гэтага свята пачынаўся перыяд шлюбаў.
– Своеасаблівы час восені, калі ўсе аграрныя работы ў большасці скончыліся, сабраны ўраджай і ўжо ёсць за што гуляць, ёсць пасаг для дачкі ці сына. Гэта такі своеасаблівы час шлюбаў на Беларусі. Менавіта ад Пакроваў жанчыны пачыналі сваю бабскую работу – прадзенне і падрыхтоўку асноў для зімовага ткацтва.
У народнай традыцыі лічылася, што на Пакровы восень сустракаецца з зімой.
* * *
14 кастрычніка Праваслаўная Царква адзначае свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Яно звязана з мноствам народных звычаяў і прымавак, ды вельмі папулярнае гэтак на Падляшшы, як і ў Беларусі.
Свята было ўстаноўленае ў памяць пра падзеі, якія адбыліся ў X стагоддзі ў Візантыі. Падчас сарацынскай аблогі Канстантынопаля вернікі ўбачылі ў храме Божую Маці, якая, зняўшы з галавы хустку, расхінула яе, нібы покрыва над людзьмі, ахінаючы іх ад небяспекі. Гэта стала бачным пацверджаннем таго, што Божая Маці была і застаецца заступніцай чалавечага роду, хадайніцай і самай надзейнай пасярэдніцай паміж людзьмі і яе Сынам.
У сялянскім побыце свята Пакрова звязанае з завяршэннем палявых прац. Да гэтага дня трэба ўсё прыбраць з палёў і заараць зямлю.
Свята прыйшло на нашыя землі ХІІ стагоддзі і набыло ранг вялікага. На Падляшшы і ў Беларусі ёсць каля 100 храмаў у гонар Пакрова, у прыватнасці, у Гародні ёсць Свята-Пакроўскі сабор.
Дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы з’яўляецца прыхадскім святам, сярод іншага, на Новым Месце ў Беластоку, у Бельску Падляскім, Белавежы і Дубічах Царкоўных.
Беларускае Радыё Рацыя