Праваслаўныя вернікі адзначаюць Троіцу
Сёння праваслаўныя вернікі адзначаюць адно з галоўных царкоўных святаў — Троіцу (Сёмуху), каб праслаўляць Бога Айца, Сына і Духа Святога.
Гэтае свята адзначаюць на 50-ы дзень пасля Пасхі (адсюль другая вядомая назва — Пяцідзесятніца). У праваслаўнай царкве гэтае свята называюць таксама Днём Спаслання Святога Духа (увасабляе пачатак новай эпохі існавання чалавецтва і лічыцца днём стварэння Хрысціянскай царквы). Але самае галоўнае — у гэты дзень Святы дух сышоў на 12 апосталаў і адкрыў ім, што Бог адзіны і траечны адначасова.
На свята Троіцы галінкамі дрэў з маладымі лісцем упрыгожваюць цэрквы і жыллё, дэманструючы тым самым росквіт душы чалавека і абнаўленне людзей. У Дзень Святой Троіцы не праводзяць нядзельныя спевы, замест іх гучаць асаблівыя святочныя песні. Па асаблівым святочным чыне праходзіць і ўрачыстая служба. Як і любое царкоўнае свята Троіца нясе ў сабе мноства забаронаў. Так, у прыватнасці, нельга: хадзіць на могілкі: родных і знаёмых памінаюць напярэдадні, на Траецкую суботу; працаваць па хаце і на зямлі, сварыцца, злавацца і зайздросціць; хадзіць у лес і купацца. Існуюць і прыкметы: дождж на Троіцу – да цёплага надвор’я, ураджаю і грыбоў; спякота – усё лета будзе засушлівым.
Польская аўтакефальная праваслаўная царква сёння ўзгадвае таксама святамучанікаў Холмскіх і Падляшскіх.
Беларускае Радыё Рацыя