Праваслаўныя вернікі адзначаюць Успенне Прасвятой Багародзіцы
Праваслаўныя вернікі адзначаюць Успенне Прасвятой Багародзіцы – свята, якому папярэднічаў двухтыднёвы поcт, які па важнасці параўноўваюць з Велікодным.
„Сёння вернікі ўспамінаюць, як апосталы сабраліся на святой зямлі Ерусаліма, каб развітацца з Паннай Марыяй”, – кажа святар пінскай епархіі Міхаіл:
– Праз два дня апостал Фама явіўся са сваёй місіянерскай вандроўкі і засмуціўся, што ён не развітаўся з Прасвятой Багародзіцай. Апосталы разам з ім здзейснілі паломніцтва да грабніцы Божай Маці. Яны пабачылі, што грабніца пустая, тут ім явіўся збаўца са сваёй маці, з анёламі і арханёламі ды абвясціў, што ён уваскрэсіў сваю маці і ўзнёс яе з сабой на нябёсы.
Па народнай традыцыі з прыходам Успення можна пачынаць сустракаць бабіна лета, якое будзе доўжыцца да канца першага месяца восені. У гэты дзень дазволена працаваць, асабліва калі засталіся незавершаныя справы.
Беларускае Радыё Рацыя