Праваслаўныя вернікі адзначаюць Успенне Прасвятой Багародзіцы



Паводле біблейскай гісторыі, за тры дні да сыходу Божай Маці, якая знаходзілася ў Ерусаліме, з’явіўся Архангел Гаўрыіл і абвясціў аб яе Успенні. На пахаванні прысутнічалі ўсе апосталы, акрамя Фамы. На трэці дзень ён захацеў убачыць труну Багародзіцы. Яе адкрылі, але цела ў ім ужо не было – разам з целам і душой яна была ўзята Богам на неба.

“Гэта адно з дванаццаці галоўных пасля Вялікдня святаў”, – адзначае святар Міхаіл Лабковіч:

– Гэта адно з самых шанаваных святаў. Многія храмы асвячаліся ў гонар гэтай святочнай падзеі. І вельмі важна адзначыць, што гэтае свята не сумнае. Наадварот, яно вельмі радаснае. Чаму мы і гаворым, што адбылася не смерць Прасвятой Багародзіцы, а яе Успенне.

Па народнай традыцыі, на Успенне ў царкве асвячалі зерне, садавіну і агародніну. Асвечанае жыта перамешвалі з насеннем, каб на наступны год чакаць добрага ўраджаю. Сяляне падводзілі вынікі сваёй працы.

Беларускае Радыё Рацыя