Праваслаўныя вернікі адзначаюць Вадохрышча
Праваслаўныя вернікі адзначаюць Вадохрышча – адно з галоўных святаў хрысціян, якое ўваходзіць у пяцёрку асноўных вех у евангельскім апавяданні пра жыццё Хрыста. Традыцыяй свята з’яўляецца купанне ў адкрытым вадаёме, бо Ісус прыняў хрышчэнне ў рацэ Іардан.
Фота pinsk.eu
Таму сёння, 19 студзеня, напружаны дзень для ратавальнікаў і медыкаў, якія дзяжураць каля акваторыі. Па назіраннях інструктара Таварыства выратавання на вадзе Ігара Кавалёва, штогод большае моладзі:
– Апошнім часам гэта ўжо і нейкая даніна моды, прыходзіць шмат моладзі. Таму хацелася б, каб, як кажуць святары, спачатку схадзіць у храм, паглядзець на гэта ўсё з духоўнага боку, а потым толькі фізічна гэтыя працэдуры праводзіць. Трэба сябе рыхтаваць, і арганізм таксама рыхтаваць.
Вадохрышча завяршае калядны цыкал гулянняў. Бліжэйшае знакавае свята ў хрысціянскім, як і народным календары ўжо ў лютым і гэта – Грамніцы.
Беларускае Радыё Рацыя