Праверка прадпрымальнікаў: аднаму 19 млн штрафу, другому – 32



Тыднем раней масавыя праверкі на рынку ў Полацку сталі прычынай стыхійнага страйку – больш за 500 прадпрымальнікаў на некалькі дзён спынілі працу. Частка з іх рушылі ў гарадскую падатковую інспекцыю заявіць, што «нікога не аддадуць і нікому не дазволяць забіраць тавар».

Цяпер рынак працуе, прадпрымальнікі працуюць, новых праверак пасля ўсяго гэтага не было, – распавяла «Салiдарнасцi» прадпрымальнік з Полацка, член РГА «Перспектыва» Вольга Шэрстабітава. – Тым не менш падаткавікі ўсё-ткі праверылі людзей, якіх не паспелі з-за стыхійнага пратэсту. Іх ужо выклікалі ў падатковую: тыя атрымалі дакументы на рукі, даведаліся колькі трэба плаціць штрафаў.

Па словах суразмоўніцы, «адной жанчыне вынеслі 19 мільёнаў штрафу, іншай 32 мільёны налічылі»:

Рэакцыя людзей – мы ўсе ў шоку, таму што цяпер гандаль ідзе дрэнна – няма людзей, практычна нічога не прадаецца. Таму такія штрафы – гэта сур’ёзныя грошы. Людзі настроеныя браць адвакатаў, юрыстаў і адстойваць свае правы ў судах.

На думку Вольгі, такія жорсткія праверкі звязаны зусім не з рэальнымі парушэннямі прадпрымальнікаў, а з тым, што ва ўладаў скончыліся грошы:

Мне на днях патэлефанавалі і папрасілі крыху раней заплаціць падатак на нерухомасць – удакладнялі, калі менавіта я яго заплачу. Такога ніколі раней не было. Пра што гэта кажа? Пра тое, што бюджэт, хутчэй за ўсё, пусты.

Лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка кажа пра тое, што сітуацыя ў Полацку – не адзіная ў краіне.

У нас ёсць інфармацыя, што ў Гомелі на адным з рынкаў таксама правяралі дакументы, – паведаміў ён «Салiдарнасцi». – Я думаю, што гэта быў такі пробны крок. У Полацку таксама сітуацыя атрымала развіццё – нашым актывістам ужо тэлефануюць з міліцыі, выклікаюць да сябе, так як на іх падатковая нешта «накатала». Я думаю, што падатковая і далей будзе ладзіць такія праверкі, аблавы.

Шумчанка таксама сцвярджае, што мэта такіх дзеянняў – папоўніць бюджэт:

Гэта робіцца вельмі нахабна і цынічна. Ці ледзь не прамым тэкстам кажуць, што не патрэбныя гэтыя дакументы, маўляў, «проста ідзіце і заплаціце». А прадпрымальнік жа вязе тавар, паказвае колькасць, яго кошт, плаціць з гэтай сумы падаткі – 20% увазнога ПДВ. Але гэтага ім мала. Ім патрэбныя грошы, і яны гатовыя здабываць сродкі любым спосабам.

Па словах суразмоўцы, сёння ў прадпрымальнікаў няма самамэты – правесці страйк або акцыю пратэсту. Яны хочуць дзейнічаць паслядоўна.

Калі мы будзем бачыць, што гэта неабходна, у нас хопіць жадання і сіл абараняць свае інтарэсы. Таму ўлады лепш не становіцца на шлях канфрантацыі і супрацьстаяння, – папярэдзіў Анатоль Шумчанка.

Фота tut.by.