Правы працоўных мігрантаў з Беларусі часцей за ўсё парушаюцца ў Польшчы



У 2018 годзе ў два разы вырасла колькасць беларусаў, якія атрымалі дапамогу праграмы па бяспечнай міграцыі „Ла Страда Беларусь” у сувязі з крызіснай сітуацыяй за мяжой, паведамляе міжнароднае грамадскае аб’яднанне „Гендарныя перспектывы”.

Асноўны прырост звязаны з парушэннем працоўных правоў грамадзян, якія выехалі ў іншыя краіны на заробкі, прычым, паводле дадзеных інфалініі праграмы „Ла Страда”, сёння лідарам міграцыйных пераваг беларусаў з’яўляецца Польшча.

„На жаль, гэты напрамак дае і найбольшую колькасць праблемных званкоў — адтуль паступіла 66% усіх зваротаў, — адзначае арганізацыя. — Па тэматыцы парушэння працоўных правоў большасць абанентаў звярталіся менавіта ў сувязі з праблемамі ў гэтай краіне. Асноўная скарга — нявыплата заработнай платы пры працаўладкаванні у Польшчы — 71% тых, хто звярнуўся”.

На звышурочную працу без аплаты скардзіліся 45% беларусаў, на дрэнныя ўмовы працы — 37%, на адсутнасць страхоўкі — 17%, на адсутнасць дамовы з работадаўцам — 5%.

Больш за ўсё парушэнняў зафіксавана ў сферы будаўніцтва і тэхабслугоўвання.

Як адзначыла кіраўнік праграмы „Ла Страда Беларусь” Алена Несцярук, у Польшчы дзяржаўныя органы ўважліва ставяцца да кожнага выпадку парушэнняў правоў працоўных мігрантаў. „Мы гэта бачым з практыкі сваёй працы, паколькі трымаем на кантролі ўсе крызісныя звароты, якія паступілі да нас у арганізацыю. Так, пры ўдзеле супрацоўнікаў „Ла Страда”, у мінулым годзе 15% выпадкаў, звязаных з парушэннямі працоўных правоў у Польшчы, былі вырашаны станоўча. Людзям выплацілі зарплату. 83% такіх зваротаў — у працэсе разгляду. У 2% выпадкаў не ўдалося дабіцца станоўчага рашэння, у асноўным з-за недастатковай доказнай базы”.

Для паспяховага вырашэння праблемы неабходна прыкласці шмат сіл і цярпення, падкрэсліла Несцярук. Напрыклад, трэба скласці тэкст скаргі, перакласці дакумент на польскую мову, сабраць доказы, якія пацвярджаюць факт працаўладкавання і парушэнне правоў працоўнага мігранта. „У чымсьці дапамагаем мы, а штосьці — задача самога чалавека. Больш эфектыўна для пацярпелага асабіста звяртацца ў кампетэнтныя органы — інспекцыю па працы, пракуратуру. Электронны або паштовы зварот таксама будзе разгледжаны, але камунікацыя можа зацягнуцца, як і прыняцце самога рашэння па справе. У цэлым жа пры правільным падыходзе дамагчыся паспяховага разгляду скаргі ў польскіх дзяржаўных органах цалкам рэальна”, — расказала кіраўнік праграмы.

Прадстаўнікі праграмы „Ла Страда” адзначылі, што яны бясплатна аказваюць інфармацыйную, юрыдычную дапамогу, дапамагаюць скласці зварот у працоўную інспекцыю і праваахоўныя органы Польшчы.

belapan.by

Фота genderperspectives.by