„Правы сектар” заблакаваў царкву з вернікамі



Ва Украіне разгортваецца чарговае супрацьстаянне паміж Украінскай праваслаўнай царквою Маскоўскага патрыярхату і Украінскай праваслаўнай царквою Кіеўскага патрыярхату. Вернікі абодвух патрыярхатаў не могуць падзяліць царкву.

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– Гэтым разам канфлікт адбываецца ў вёсцы Пціча, што ў Дубненскім раёне Ровенскай вобласці. Вернікі Кіеўскага патрыярхату пры падтрымцы актывістаў „Правага сектара” заблакавалі ў мясцовай царкве аднавяскоўцаў – прыхільнікаў Маскоўскага патрыярхату. Канфлікт вакол царквы трывае ўжо больш за год. Згодна дадзеных вясковага рэферэндума, абсалютная большасць вяскоўцаў падтрымлівае Кіеўскі патрыярхат, і таму дамагаюцца перадаць царкву ім. Але ж суд адхіліў такія патрабаванні. У выніку жыхары вёскі Пціча звярнуліся па дапамогу ў “Правы сектар”.

Царква фактычна знаходзіцца ў аблозе, у вёску прыбываюць аўтобусы з манахамі Пачаеўскай лаўры, якая належыць Расейскай праваслаўнай царкве. Між манахамі і “Правым сектарам” ужо адбылася бойка. Сітуацыя застаецца напружанай.

За апошнія гады Украінская царква Маскоўскага патрыярхату імкліва страчвае папулярнасць ва Украіне. Прычына – падтрымка яе святарамі сепаратыстаў, зняважлівае стаўленне да ахвяр Антытэрарыстычнай аперацыі і, у некаторых выпадках, нават непасрэдны ўдзел святароў РПЦ ва ўзброеным канфлікце на усходзе Украіны на баку ЛНР-ДНР.

Беларускае Радыё Рацыя, Украіна

Фота news-cloud.net