Праз чыгунку немагчыма патрапіць у Гародню без візаў



Музыка і прадусар Пётр Дудановіч з Падляшша спрабаваў з нямецкімі музыкамі патрапіць ў Гародню ў межах бязвізавага рэжыма. Аднак першая спроба прыехаць па бязвізу цягніком аказалася безвыніковай.

Распавядае Пётр Дудановіч:

– Аформілі дакументы ў турагенстве з Гародні. Селі на цягнік, які ідзе з Кракава ў Гародню. Прыехалі на вакзал у Гародню. І там нам ветліва памежнікі сказалі, што вам трэба сесці на цягнік назад – на той жа самы, бо чыгунка не ўваходзіць у гэты бязвізавы рэжым. Нам прыйшлося вярнуцца ў Кузніцу Беластоцкую і там сядзець прыкладна 10 гадзінаў, каб дачакацца хоць якога аўтобуса, які б нас забраў. Самае крыўднае, што праз гэтую сітуацыю мае сябры з Нямеччыны зусім мала пабачылі Гародню, таму што часу ўжо не хапіла.

У межах бязвізавага праезду ў Гародню і тэрыторыю Аўгустоўскага каналу на Беларусь ужо прыехала больш за пяць тысяч турыстаў з розных краін. Аднак гэта магчыма толькі праз пункты пропуску Лясная, Брузгі і Прывалка, пераязджаючы мяжу аўтобусам. Чыгуначным ці авіятранспартам у Гародню, як на бязвізавую тэрыторыю, пакуль не патрапіш.

Беларускае Радыё Рацыя