Праз каронавірус Казахстан адклікае сваіх студэнтаў з Беларусі



Студэнтаў, якія з’ехалі вучыцца за мяжу, прымусова вяртаюць у Казахстан. Прычынаю таму – каронавірус. Гэтак з Беларусі мусяць за свой кошт вярнуцца навучэнцы ўжо да 12 сакавіка, паведамляе «ASTANATV».

У Казахстан павінны вярнуцца з Беларусі 50 студэнтаў. Зрабіць гэта яны мусяць да чацвярга 12 сакавіка і за свой кошт. У Нур-Султане бацькі абураныя і настойваюць на арганізаваным вяртанні. Студэнты з Казахстану прыбылі ў Беларусь паводле праграмы акадэмічнай мабільнасці. Кошты афармлення і пералёт абышоўся бацькам у памеры каля 200 тысячаў тэнге (каля 505 долараў ЗША). Мінадукацыі Казахстана паведамляе, што праграма па адпраўленні студэнтаў за мяжу часова прыпыняць. У сваю чаргу Мінадукацыі Беларусі ў сваім Telegram-канале піша, што ніякіх афіцыйных лістоў у сувязі з адкліканнея казахстанскіх студэнтаў з беларускіх ВНУ ведамства не атрымлівала. У Казахстане выпадкаў інфікавання на каронавірус пакуль не выяўлена. У Беларусі зарэгістравана 12 выпадкаў заражэння вірусам.

Ва ўсім свеце пацверджана ўжо 121 тысяча выпадкаў заражэння каронавірусам, памерлі чатыры тысячы сто чалавек. Па-за Кітаем вірус выяўлены ў 117 краінах, у тым ліку ва ўсіх 27-мі краінах Еўразвязу. Генеральны дырэктар Сусветнай Арганізацыі здароўя Тэдрас Адханам Гебрэесус (Tedros Adhanom Ghebreyesus) паведаміў, што каронавірус «можна ахарактарызаваць як пандэмію».

Беларускае Радыё Рацыя