Праз польскі від на жыхарства суд адмовіў анкахвораму ў змене меры стрымання



Суд адмовіў анкахвораму Анатолю Пугачу ў змене меры стрымання, аргументам стаў польскі від на жыхарства.

Паводле інфармацыі «Берасцейскай Вясны», 23 студзеня адбылося судовае пасяджэнне па справе Анатоля Пугача, які ўжо больш за месяц знаходзіцца ў СІЗА-6. Бок абароны папрасіў аб змене меры стрымання для хворага мужчыны. Суддзя Ірына Паўлоўская адхіліла скаргу і адмовілася змяніць меру стрымання прынамсі на хатні арышт — аргументам супраць было названа тое, што ў Анатоля Пугача ёсць польскі від на жыхарства.

28-гадовага Анатоля Пугача затрымалі ў сярэдзіне снежня 2022 года, амаль адразу пасля вяртання з Польшчы. Мужчына прыехаў у Беларусь, каб прайсці абследаванне: у яго знайшлі анкалагічнае захворванне.

Спачатку Анатоля Пугача пакаралі адміністрацыйным арыштам за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»,  але яшчэ да канца тэрміну арышту яму прад’явілі абвінавачванні па крымінальным артыкуле за «абразу Лукашэнкі»  і змясцілі пад варту.