Прэм’ерны паказ фільма Юрыя Каліны „Бежанцы. 1915-1922” у Гародні
Фільм „Бежанцы. 1915-1922” упершыню паказалі ў Гародні і ўвогуле на тэрыторыі Беларусі. На прэм’ерны паказ у клуб праваслаўнай размовы пры Свята-Пакроўскім саборы завітала больш за сотню гарадзенцаў.
Пра паказ распавядае аўтар фільма Юрый Каліна:
– Мы ўсе – і ў Беластоку, і ў Гародні – былі ў адной губерні – Гарадзенскай. Тады ў 1915 годзе з Гарадзенскай губерні ў глыб Расеі было выгнана 80% праваслаўных жыхароў. Вёска, адкуль я родам, – гэта Кашэлі ў Бельскім павеце, цяпер у Польшчы – выехала ўся. Вельмі цешуся, што можна было паказаць гэты фільм і тут, у Гародні, бо ён тычыцца і жыхароў горада, вобласці. Я думаю, што калі хтосьці цікавіцца сямейнай гісторыяй, то напэўна чуў расказы пра бежанства ад сваіх дзядоў ці прадзедаў.
Для настаяцеля Свята-Пакроўскага сабора айца Георгія Роя тэма фільма з’яўляецца вельмі актуальнай:
– Гэтая тэма надзвычай актуальная для нашага рэгіёна і ўвогуле для Заходняй Беларусі, бо лёсы многіх нашых продкаў звязаны з гэтай тэмай: і Першай сусветнай вайной, і вымушаным бежанствам. Калі якая-небудзь сям’я захоўвае памяць, то напэўна могуць узгадаць аповеды старэйшых людзей пра тое, якім цяжкім выпрабаваннем было бежанства, якім цяжкім было вяртанне.
Паказ фільма ў Гародні быў премеркаваны да 110-годдзя з дня асвячэння Свята-Пакроўскага катэдральнага сабора, чыя гісторыя вельмі шчыльна звязана з гісторыяй бежанства. Фільм „Бежанцы. 1915-1922” распавядае пра гісторыю падзеі 100–гадовай даўніны і пра мільёны людзей, якія вымушаныя стаць бежанцамі падчас Першай сусветнай вайны.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня