Прэмія імя Сахарава „За свабоду думкі” прысуджаная дэмакратычнай апазіцыі Беларусі
Штогадовая прэмія імя Андрэя Сахарава „За свабоду думкі” прысуджаная дэмакратычнай апазіцыі Беларусі. Такое рашэнне 22 кастрычніка прыняў прэзідыум Еўрапарламента, у які ўваходзяць спікер і старшыні кожнай з сямі фракцый. Пераможца быў абвешчаны падчас анлайн-трансляцыі на сайце Еўрапарламента.
Лаўрэатам прэміі 2020 года стала „дэмакратычная апазіцыя Беларусі, прадстаўленая Каардынацыйнай радай, ініцыятывай смелых жанчын у асобе Святланы Ціханоўскай, Святланы Алексіевіч, Марыі Калеснікавай, Вольгі Кавальковай, Веранікі Цапкалы, а таксама палітычнымі і грамадскімі дзеячамі Сяргеем Ціханоўскім, Алесем Бяляцкім, Сяргеем Дылеўскім, Сцяпанам Пуцілам і Мікалаем Статкевічам”.
Прэзідэнт Еўрапарламента Давід Сасолі зазначыў, што „маштабныя пратэсты, якія праходзяць у Беларусі, узрушылі свет”. „Яны доўжацца ўжо 11 тыдняў, — сказаў ён. — Па меры таго як расце наша захапленне народам Беларусі, нас усё больш і больш засмучаюць гвалтоўныя дзеянні з боку Лукашэнкі і выцісканне [з краіны] лідараў апазіцыі. Лукашэнка і ягоны ўрад прайгралі выбары. І зараз прыйшоў час пачуць голас народа”.
„Дазвольце павіншаваць прадстаўнікоў беларускай апазіцыі за іх мужнасць, стойкасць і рашучасць, — дадаў Сасолі. — Яны выстаялі, і па-ранейшаму застаюцца моцнымі перад абліччам значна больш моцнага праціўніка. Але ў іх ёсць тое, што немагчыма перамагчы грубай сілай, на іх баку праўда. Такім чынам, мой заклік да вас, дарагія лаўрэаты, заставацца моцнымі і не здавацца ў сваёй барацьбе. Ведайце, што мы на вашым баку”.
На атрыманне прэміі імя Сахарава беларускую апазіцыю вылучылі тры найбуйнейшыя фракцыі Еўрапарламента — „Еўрапейская народная партыя”, „Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў” і „Абновім Еўропу”.
У шорт-ліст намінантаў на атрыманне прэміі таксама ўвайшлі арцыбіскуп іракскага горада Масул Наджыб Міхаэль Муса і група экалагічных актывістаў з Гандураса.
Цырымонія ўручэння прэміі адбудзецца 16 снежня ў Страсбургу.
Прэмія імя Андрэя Сахарава „За свабоду думкі” была заснаваная Еўрапарламентам у 1988 годзе. Штогод яе ўручаюць асобным людзям або арганізацыям, якія зрабілі ўнёсак у барацьбу за правы чалавека ў сваёй краіне. Памер прэміі складае 50 тысяч еўра. Прадстаўнікі Беларусі ўзнагароджваюцца прэміяй ужо трэці раз. У 2004 годзе яе атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006-м — палітык Аляксандр Мілінкевіч.