Прэс-сакратар АГП Красуліна працягвае заставацца ў Беларусі
Прэс-сакратар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна ў сувязі з падачай у суд Маскоўскага раёна Менска скаргі на рашэнне аб высылцы з Беларусі працягвае заставацца ў краіне.
Рашэнне аб выдварэнні Красулінай з краіны было прынятае 13 лістапада УУС Маскоўскага раёна Менска ў інтарэсах, як вынікае з дакумента, „грамадскага парадку шляхам добраахвотнага выезду з краіны”. Беларусь яна павінна была пакінуць да 30 лістапада.
Нагодай для высылкі сталі тры адміністрацыйныя штрафу: два — за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях ў 2016 і 2017 гадах, адзін — за неаплачаны своечасова праезд у грамадскім транспарце сёлета. Штрафы былі аплачаны.28 лістапада Красуліна падала скаргу ў ГУУС Мінгарвыканкама, аднак ужо праз дзень, 30 лістапада, ёй паведамілі пра абгрунтаванасць высылкі з Беларусі і параілі добраахвотна пакінуць краіну да поўначы.
Каб пазбегнуць высылкі, Красуліна ў той жа дзень падала скаргу ў суд, перадаўшы копіі адпаведных дакументаў ва УУС Маскоўскага раёна. Найбліжэйшымі днямі Красуліна спадзяецца атрымаць дакумент, які б пацвярджаў адтэрміноўку высылкі ў сувязі з разглядам скаргі ў судзе.
Красуліну здзіўляе тэрмін, на працягу якога была разгледжана яе скарга ў ГУУС. „Тэрміны яе разгляду цалкам не адпавядаюць устаноўленай практыцы. Звычайна гэтая працэдура займае два-тры тыдні, а не адзін дзень, — заявіла яна ў каментарыі БелаПАН. — Гэта паказвае на асаблівае стаўленне да маёй справы. Не выключана, што і суд могуць прызначыць вельмі хутка, напрыклад, на аўторак. Хоць па нармальнай практыцы, ён мог прайсці і праз паўтара месяца, бо суды загружаны”.
„Тут ёсць два варыянты: або я такая ўнікальная са сваімі парушэннямі, або сітуацыя ў краіне склалася так, што ва ўладзе зусім няма рэсурсаў напярэдадні выбарчых кампаній. Ім трэба напалохаць усіх, задушыць у зародку любы супраціў”, — дадала яна.
Красуліна з’яўляецца грамадзянкай Расіі, аднак увесь час пражывае ў Беларусі з 2002 года, дзе ў яе жывуць муж, двое дзяцей і бацькі. Від на жыхарства ў яе не ануляваны.
Рашэнне аб высылцы, лічыць яна, „у любым выпадку з’яўляецца празмернай мерай, таму што інтарэсы грамадскага парадку ў сувязі з удзелам у несанкцыянаваных, але мірных масавых мерапрыемствах ніякім чынам не сувымерныя з разбуральнымі наступствамі для асабістага і сямейнага жыцця”.
belapan.by