Прэтэндэнт у прэзідэнты Юрый Губарэвіч атрымаў 15 сутак арышту
Суд Першамайскага раёна Менска 19 чэрвеня вынес рашэнне аб адміністрацыйным арышце прэтэндэнта ў прэзідэнты, старшыні руху „За Свабоду” Юрыя Губарэвіча на 15 сутак.
Губарэвіч быў выкліканы ў суд як асоба, у дачыненні да якой вядзецца працэс па ч. 3 арт 23.34 КоАП за ўдзел у акцыі на сталічным Камароўскім рынку 7 чэрвеня.
Паводле матэрыялаў справы, якія зачытала суддзя Анастасія Ляўкоўская, Губарэвіч удзельнічаў у мітынгу, не звязаным з выбарчай кампаніяй, падчас якога былі агучаныя лозунгі: „Сыходзь!”, „Свабоду Ціханоўскаму!”, „Стоп, таракан!”.
Гэтую інфармацыю пацвердзілі сведкі — супрацоўнікі АМАПа. Паводле слоў аднаго з іх, Ахрамовіча, у Губарэвіча быў мікрафон і ён выкрыкваў лозунгі: „Свабоду Ціханоўскаму!”, „Стоп, таракан!”, „Жыве Беларусь!”. „Пікет быў санкцыянаваны, потым перарос (у несанкцыянаваную акцыю. — БелаПАН.)”, — растлумачыў супрацоўнік АМАПа.
У сваю чаргу Губарэвіч віну не прызнаў. Ён заявіў, што да сённяшняга дня заканадаўствам дазволена збіраць подпісы ў падтрымку вылучэння яго кандыдатам у прэзідэнты і ён „звярнуўся да людзей, патлумачыў важнасць правядзення дэмакратычных выбараў, заклікаў падысці і паставіць подпіс”.
Губарэвіч не застаўся на вынясенне рашэння суда ў знак пратэсту, што выклікала замяшанне ў супрацоўнікаў міліцыі, якія сядзелі ў зале, і супрацоўнікаў суда. Як паведаміла БелаПАН сакратар суда Арына Сабурава, прынятае рашэнне аб арышце Губарэвіча.
„Арышт на 15 сутак — гэта прававое бязмежжа, ва ўладаў няма нават цярпення дачакацца завяршэння кампаніі па зборы подпісаў. Сваё слова павінна сказаць грамадства, калі скажа, што такая ўлада павінна сысці, так і адбудзецца”, — пракаментаваў рашэнне суда Юрый Губарэвіч.
Прэтэндэнт у прэзідэнты не выключае, што рашэнне суда — гэта помста за акцыю салідарнасці, якая прайшла 18 чэрвеня.
На гэты момант Губарэвіч знаходзіцца на волі.
belapan.by