Прэвентыўны пратакол – новая практыка беларускай міліцыі
Прэвентыўны пратакол, альбо новая практыка беларускай міліцыі супраць журналістаў. 1 лютага ў пастарунку міліцыі чакаюць журналістку-фрылансера Вольгу Чайчыц, каб скласці пратакол па адміністрацыйным артыкуле 22.9 – „праца на замежнае СМІ без акрэдытацыі”.
А позву для складання пратакола ёй выдалі, калі матэрыял яшчэ не выйшаў у эфір на незалежным тэлеканале „Белсат”, узгадвае журналістка Вольга Чайчыц:
– Калі мы ехалі з Курапатаў, я рабіла трансляцыю ў фэйсбук нашага затрымання. На той момант мы сюжэт яшчэ не зрабілі, але нас ужо затрымалі. Яны думалі, што на нас павесіць. Бо сапраўды, парушэння ніякага няма. Напісалі пратакол апытання і далі позвы на 1-га лютага, каб скласці пратакол на тое, што мы ўвечары парушым, калі ўжо выйдзе сюжэт. То бок, такія прэвентыўныя позвы.
Журналістаў менавіта «Белсату» найбольш пераследуюць за працу ў Беларусі. На інтэрнэт-старонцы тэлеканала па-ранейшаму працуе лічыльнік, які паведамляе: за час працы журналістаў „Белсата” аштрафавалі агулам на 83 тысячы 315 даляраў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя