Прэзентацыя відэарэпартажаў пра ўніверсітэцкую сістэму Даніі прайшла ў Гародні



З мэтай падзяліцца ўражаннямі ад паездкі ў гэтую краіну з Менску прыехалі супрацоўнікі беларускага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча.

Пасля прагляду відэарэпартажаў пра варункі навучання і выкладання ў Даніі, Уладзімір Колас і Павел Церашковіч адказалі на пытанні гарадзенцаў. Асабліва цікавіла іх зацягнутая перспектыва адкрыцця беларускага ўніверсітэту імя Ніла Гілевіча, якая запавольваецца Міністэрствам адукацыі.

Кажа Павел Церашковіч:

– На жаль, мы не можам пайсці да віцэ-прэм’ера, мы не парк высокіх тэхналогій, каб стварыць айцішны ўніверсітэт. Мы ствараем прыватны ўніверсітэт, але па тых правілах, якія існуюць у нашай краіне. Таму сказаць, што гэта будзе ўніверсітэт мары, канешне, не. Гэта будзе мара, у якой звязалі крылы, рукі, закрылі вочы і г.д. Тым не менш нават і ў такім становішчы хоць штосьці добрае можна зрабіць.

Першы прарэктар беларускага ўніверсітэту імя Ніла Гілевіча Уладзімір Колас выказаў думку, што ўсё лепшае, якое яны ўбачылі ў дацкіх універсітэтах падчас сваёй працоўнай паездкі, будзе перанята для беларускага ўніверсітэта. Бо, каб зрабіць універсітэт паспяховым, яны пачалі вывучаць універсітэцкія сістэмы краінаў Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

– Мы бачылі, як працуе гэтая сістэма. Там шмат цікавага ёсць, што варта было б запазычыць і выкарыстаць у нас у Беларусі. Гэта пайшло б на карысць – і ўніверсітэцкай адукацыі, і ўвогуле грамадству ў цэлым. Менавіта дзеля гэтага мы замыслілі такі цыкл, каб не толькі самім выкарыстоўваць гэты досвед, але і дзяліцца ім з нашымі калегамі і распаўсюджваць гэта ў Беларусі.

Але пакуль у рамках беларускага ўніверсітэта дзейнічаюць навучальныя падрыхтоўчыя курсы, у якіх курсантамі сто чалавек. На прэзентацыі відэарэпартажаў у Гародні пабываў таксама ганаровы госць з Дацкага каралеўства, прафесар тэхнічнага ўніверсітэта Карл Эрык Фаверскаў.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя