Прэзідэнт Германіі сустрэнецца са Святланай Алексіевіч



У межах візіту ў Менск для ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця другой чаргі мемарыяла ў Трасцянцы — мемарыяльных могілак Благаўшчына прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер сустрэнецца з беларускай пісьменніцай, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год Святланай Алексіевіч.

Прэс-служба Штайнмаера апублікавала праграму яго візіту ў беларускую сталіцу.

Прэзідэнт ФРГ прыляціць у Менск раніцай 29 чэрвеня і накіруецца ў Палац Незалежнасці на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. У 12.00 Штайнмаер пачне агляд мемарыяла ў Трасцянцы. У 12.30 ён возьме ўдзел у адкрыцці другой чаргі мемарыяла і выступіць з прамовай, пасля чаго сумесна з іншымі ўдзельнікамі цырымоніі накіруецца да памятнага каменя. Там пройдзе сустрэча з выжыўшымі вязнямі канцлагера і сваякамі загінулых.

Затым у Палацы Незалежнасці будзе дадзены абед ад імя Лукашэнкі. У 15.30 у Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яханеса Рау Штайнмаер адкрые канферэнцыю „Памяць у імя агульнай еўрапейскай будучыні”. Пасля прэзідэнт адправіцца ў рэзідэнцыю пасла ФРГ, дзе сустрэнецца са Святланай Алексіевіч. Увечары ён вылеціць на радзіму.

Праграму знаходжання ў Менску апублікавала таксама прэс-служба прэзідэнта Аўстрыі Аляксандра Ван дэр Белена. 28 чэрвеня ў 19.00 у сталічным гатэлі „Марыёт” ён будзе ўдзельнічаць у прыёме для прадстаўнікоў аўстрыйскага бізнесу і аўстрыйцаў, якія пражываюць у Беларусі. 29 чэрвеня ў 10.00 Ван дэр Белен закладзе камень у падмурак аўстрыйскага помніка ў Малым Трасцянцы, у 12.00 возьме ўдзел у памятных мерапрыемствах на тэрыторыі былога лагера смерці. У 15.00 прэзідэнт Аўстрыі сустрэнецца з Лукашэнкам у Палацы Незалежнасці.

Як паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка, акрамя Штайнмаера і Ван дэр Белена ў Трасцянец прыбудзе былы прэзідэнт Аўстрыі Хайнц Фішэр.   БелаПАН