Лукашэнку просяць прыняць рашэнне пра выпуск запчастак
Грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус з Баранавічаў накіраваў зварот да Лукашэнкі і ў Савет Міністраў. Пад зваротам падпісаліся 29 чалавек. У звароце людзі просяць вышэйшае кіраўніцтва прыняць рашэнне аб выпуску запчастак да газавага абсталявання, каб падоўжыць тэрмін карыстання абсталяваннем. Яшчэ просяць растэрміноўку да 5 гадоў на набыццё новага абсталявання, якое каштуе больш за тысячу даляраў.
Кажа Мікалай Чарнавус:
– Мы заключаем з «Гаргазам» дамову на абслугоўванне. Тады няхай робяць абслугоўванне. А яны нічога, атрымоўваецца, не робяць. Прыйшлі, перакрылі, новае паставім – і ўсё. А каб яны дазволілі мне, то я б мяняў запчасткі і працягваў карыстацца. Дык не, прыйшлі, адключылі – і што хочаш рабі.
Паводле Чарнавуса, пры заробках і пенсіях 150-250 даляраў яшчэ трэба падумаць, дзе ўзяць такую суму на новае газавае абсталяванне. Ён лічыць, што нічога нерэальнага не просіцца, калі яшчэ хоць крыху чыноўнікі думаюць пра свой народ.
Беларускае Радыё Рацыя