Прэзідэнцкая кампанія – без удзелу грамадскіх актывістаў



Сёлетняя прэзідэнцкая кампанія праходзіць без удзелу многіх дэмакратычных актывістаў, якія працавалі ў час выбараў ў 2010 годзе. Некаторыя з іх кажуць пра расчараванне. Нехта адмаўляецца ад палітычнай барацьбы з прычыны адсутнасці свайго кандыдата. Юрый Клімовіч пяць гадоў таму ўзначальваў Гомельскі абласны штаб Віталя Рымашэўскага:

– Гэта быў трошкі рамантычны перыяд. Была толькі што ствараная партыя БХД, адбыўся першы з’езд партыі і ён прайшоў на пад’ёме. Упершыню хрысціянская дэмакратыя змагла вылучыць свайго кандыдата. І нават тады мы разумелі, што выбары “фейкавыя”. Але ўсё ж такі было спадзяванне, што зможам неяк прапіярыць толькі што створаную партыю. Таму я прыняў удзел.

Гамяльчук Валерый Сляпухін на мінулых прэзідэнцкіх выбарах быў даверанай асобай Уладзіміра Някляева. Цяпер ён не ўдзельнічае ў кампаніі „Гавары праўду”. Кажа, што цяпер няма перспектываў перамогі:

– Я не хачу ўдзельнічаць у выбарах дзеля ўдзелу. Працэс дзеля працэсу мяне не цікавіць. А нейкіх іншых зменаў я не бачу, што яны могуць быць. Таму я лічу, што гэтая кампанія бессэнсоўная, і выдаткоўваць свой час і сілы для пустой справы я не бачу сэнсу.

На гэтых выбарах дэмакратычную альтэрнатыву прадстаўляе Таццяна Караткевіч, але нават у апазіцыйным лагеры няма згоды адносна падтрымкі першай у гісторыі Беларусі жанчыны-кандыдаткі ў прэзідэнты.

Беларускае Радыё Рацыя