Пружанская міліцыя папярэджвае актывістаў
Пружанская міліцыя працуе зараз у напружаным графіку. І гэта выклікана не змаганнем са злачынцамі, а з тымі, каго заўважылі на плошчы горада 14 ліпеня.
Міліцыянты лічаць, што выхад на плошчу гараджанам, каб пабыць разам, паразмаўляць адзін з адным, забаронены. Бо гэта, па іх разуменню, недазволенае ўладамі масавае мерапрыемства. Выходзіць кампаніяй можна толькі па дазволу ўладаў і толькі на вызначанае імі месца на задворках горада, кажа Алене на прафілактычнай гутарцы намеснік начальніка Пружанскага РАУС Аляксандр Сімаковіч:
– За мерапрыемствы ў недазволеных месцах органамі ўлады і месцах, дзе гэта забаронена, прадугледжана адказнасць – адміністрацыйны артыкул № 23.34, у якім прадугледжаны штраф, або адміністрацыйны арышт. Я пакуль вас папярэджваю, каб потым не было ніякіх недакладнасцяў.
Калі Алена не пагадзілася з абвінавачваннем, то падпалкоўнік Сімаковіч сказаў, што ў інтэрнэце ёсць яе здымак на фоне бел-чырвона-белага сцяга на плошчы, гаворыць Алена:
– Я думаю, што гэта ўсё разлічана на запужванне людзей. Лічу, што я нічога незаконнага не здзейсніла, таму мне няма чаго баяцца.
Нагадаем, што двое з тых, хто 14 ліпеня быў на плошчы – Юрый Папко і Міхаіл Кісель – пакараны 15 суткамі арышту за гістарычны бел-чырвона-белы сцяг і майку з надпісам “Беларусь – краіна для жыцця”. З астатнімі праводзяць прафілактычныя гутаркі.
Беларускае Радыё Рацыя