Пружанскі палацык адзначыў Дзень роднай мовы
Амаль тры гадзіны ў Пружанскім палацыку размаўлялі па-беларуску, спявалі па-беларуску, глядзелі мультфільмы, агучаныя па-беларуску, адказвалі на пытанні віктарыны таксама на беларускую тэматыку. Такую вялікую і цікавую імпрэзу напярэдадні Сусветнага дня роднай мовы зладзілі студэнты менскіх вышэйшых навучальных устаноў, якія наведваюць курсы адраджэння беларускай мовы і культуры, кажа Кацярына Парыжская:
– Нацыянальная ідэя мусіць быць тым, на чым павінны выхоўвацца дзеці, моладзь, а далей ўсё грамадства. Бо нічога лепшага за нацыянальную ідэю мы пакуль не можам прадаставіць.
Удзельнікі імпрэзы ад пачутага ды пабачанага былі ў захапленні. Доўга апладыравалі гурту “Laundas”. Таму ў канцы мерапрыемства атрымалі шчырую падзяку, якую выказала ад імя ўсіх прысутных пружанская паэтка Ніна Дыдышка:
– Я хачу выказаць словы ўдзячнасці, словы захаплення гэтым мерапрыемствам. І віктарына спадабалася, і канцэрт. Няхай лёгкай у вас будзе дарога ў такім плане, каб прабіцца да беларусаў, навучыць іх гаварыць на беларускай мове.
Удзельнікі мерапрыемства атрымалі на памяць стужачкі з беларускім арнаментам. Пераможцаў віктарыны ўганаравалі падарункамі. Усе прысутныя атрымалі зарад аптымізму і любові да ўсяго роднага, а найперш – да мовы.
[Not a valid template]
Цалкам стужку слухайце ў далучаным гукавым файле
Беларускае Радыё Рацыя, Пружаны