Пружанскіх актывістаў пакаралі чарговымі 15 суткамі
Актывісты з Пружан Юрый Папко і Міхаіл Кісель, якія адбываюць 15 сутак арышту за тое, што выйшлі 14 ліпеня на гарадскую плошчу, 21 ліпеня судом Пружанскага раёна пакараны чарговымі 15 суткамі. Цяпер ужо нібыта за падпарадкаванне міліцыі. Родным ні пра суд, ні пра новае пакаранне не паведамілі.
Пра гэта яны даведаліся 24 ліпеня з ліста Юрыя Папко, кажа яго маці Таццяна Папко:
– У панядзелак перадачу насілі, у сераду перадачу насілі, да суда ніхто не сказаў і пасля суда ніхто не сказаў, што яму дабавілі яшчэ 15 сутак. Не ведалі мы ўвогуле, што і другі пратакол складзены, што і суд быў. Прыйшоў ліст, як абухам па галаве. Адразу ж толькі склалі пратаколы за масавыя мерапрыемствы, гэтага ж пратакола не было за непадпарадкаванне. Перад першым судом участковы прыйшоў, я спытала: „За што на іх складзены пратакол?”. Ён сказаў: „Я склаў адзін пратакол, за масавыя мерапрыемствы”.
Паводле спадарыні Таццяны, 29 ліпеня яны чакалі мужчын дадому, але ўлады не маюць межаў.
Беларускае Радыё Рацыя