Пры пераглядзе дэкрэта № 3 ухіл будзе зроблены на працаўладкаванні



Пры пераглядзе канцэпцыі дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” асноўны акцэнт будзе зроблены на працаўладкаванні тых, хто не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных расходаў” . Пра гэта паведаміў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка.

Міністр адзначыў, што па патрабаванні Лукашэнкі дэкрэт № 3 „канцэптуальна пераглядаецца”. „Асноўны ўпор робіцца на спрыянні ў працаўладкаванні тым, хто хоча працаўладкавацца, на рэсацыялізацыю людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця”, — растлумачыў Налівайка падчас анлайн-канферэнцыі на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА.

Пры гэтым кіраўнік МПЗ падкрэсліў, што „будуць прынятыя ўсе меры па працаўладкаванні чалавека, яго ўключэнні ў нармальны працэс ўзаемадзеяння з дзяржавай”. Разам з тым весцi гаворку аб канкрэтных зменах у дэкрэт № 3 можна будзе пасля яго прыняцця, падкрэсліў міністр.

Пра тое, што новы праект змен у дэкрэт прэзідэнта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” накіраваны з ураду ў Адміністрацыю прэзідэнта, 27 чэрвеня паведаміў БелаПАН прэс-сакратар прэм’ер-міністра Уладзіслаў Сычэвіч.

Дэкрэт № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” ад 2 красавіка 2015 года, які выклікаў хвалю пратэстаў у лютым—сакавіку 2017 года, абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, што не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі у такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь, інакш ім можа пагражаць штраф ці адміністрацыйны арышт.

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага. Паводле звестак МПЗ, збор выплацілі больш за 54 тыс. чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленні. У мясцовыя бюджэты паступіла 16,3 млн рублёў.

9 сакавіка Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, на якой было заяўлена, што адмяняць дэкрэт не стануць, але на працягу года збор спаганяць не будуць. Прэзідэнт даручыў мясцовым уладам да 1 красавіка вызначыць спісы тых, хто павінен уносіць плацяжы на падставе дэкрэта № 3. З моманту правядзення гэтай нарады дзеянне дакумента фактычна замарожанае, аплата не спаганяецца, але і не вяртаецца тым, хто яго аплаціў.

21 сакавіка кіраўнік дзяржавы паведаміў, што дэкрэт аб „дармаедах” ён „не адмяняў і нават не прыпыняў”. 7 красавіка Лукашэнка заявіў аб тым, што ён незадаволены распрацаваным і прадстаўленым яму новым праектам дакумента. Падчас штогадовага паслання парламенту і народу 21 красавіка кіраўнік дзяржавы заявіў пра неабходнасць „прымусіць кожнага працаваць, выкарыстоўваючы вопыт савецкіх часоў”.

У маі для распрацоўкі абноўленай канцэпцыі дэкрэта была створана міжведамасная рабочая група пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера Васіля Жарко.

Па выніках візіту ў Менск 20—23 чэрвеня спецыяльны саветнік генеральнага дырэктара Міжнароднага бюро працы МАП Кары Тапіёла паведаміў БелаПАН, што падчас сустрэч абмяркоўваліся у тым ліку пытанні аб дэкрэце № 3. Па інфармацыі сайта Беларускага незалежнага прафсаюза, на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх незалежных прафсаюзаў члены місіі МАП выказалі ўпэўненасць у хуткай адмене дэкрэта.

БелаПАН