Пры Саюзе палякаў утварылася Таварыства настаўнікаў
У Гародні адбыўся арганізацыйны сход Таварыства настаўнікаў, якое ўтварылася пры Саюзе палякаў на Беларусі. Больш за 40 выкладчыкаў польскай мовы з усёй краіны задэкларавалі стварэнне арганізацыі, якая будзе займацца каардынацыяй дзейнасці незалежных адукацыйных пляцовак польскай мовы і забяспечваць дыдактычную дапамогу настаўнікам. Падчас сходу была абраная праграмная рада арганізацыі на чале з Анжалікай Борыс, якая акрэсліла галоўныя мэты новай структуры на бліжэйшы час:
– Кансалідацыя польскіх структур адукацыйных на Беларусі. Салідарнасць настаўнікаў. Абмен вопытам. Каардынацыя адукацыйнай працы ў Беларусі. Ну і таксама супольная абарона польскай адукацыі на Беларусі.
Новаствораная арганізацыя польскіх настаўнікаў пры Саюзе палякаў складаецца з выкладчыкаў, якія працуюць як у дзяржаўных, так і грамадскіх школах. Менавіта грамадскія адукацыйныя ўстановы апошнім часам з’яўляюцца найбольш запатрабаванымі сярод жадаючых вывучаць польскую мову ў Беларусі. Асноўная прычына – істотнае скарачэнне факультатыўнага вывучэння польскай мовы ў дзяржаўных школах.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
