Прыблізна 140 праціўнікаў завода АКБ сабраліся ў цэнтры Берасця
У Берасці 2 чэрвеня на плошчы Леніна чарговым разам сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Згодна са звесткамі праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было прыблізна 140 чалавек. У гэты ж час тут праходзіў арганізаваны мясцовымі ўладамі канцэрт удзельнікаў харэаграфічнага фестывалю „Танцавальная вясёлка”.
Як адзначыў Вялічкін, колькасць людзей, якія прыходзяць па нядзелях на плошчу, знізілася. Паводле яго слоў, гэта звязанае з тым, што актывісты занятыя кругласутачным дзяжурствам, якое з пачатку мая вядзецца ля завода.
Асноўнай тэмай сённяшняй сустрэчы стала паведамленне ў „Брестской газете” пра перанясенне тэрміну прыёмкі ў эксплуатацыю акумулятарнага завода з мая на чэрвень. Як паведаміў выданню кіраўнік адміністрацыі СЭЗ „Брэст” Фёдар Каланчук, прыёмка прадпрыемства плануецца 11-14 чэрвеня.
Дзмітрый Бекалюк лічыць, што гэта адбылося таму, што аб’ект „не адпавядае патрабаванням экалагічнай бяспекі”, пры тым што ён атрымаў станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы.
У сваю чаргу актывіст Уладзіслаў Абрамовіч лічыць, што шкодныя выкіды ў дзясяткі разоў вышэйшыя, чым заяўлена ў дзяржаўнай экалагічнай экспертызе.
Урач Анатоль Ярмоленка адзначыў, што на заводзе далёка не ўсё добра, што і выявіла ініцыятыўная група праціўнікаў яго будаўніцтва. „Калі ва ўладаў ёсць розум, завод не будзе запушчаны ў эксплуатацыю ў такім выглядзе”, — заявіў ён.
Удзельнікі сустрэчы таксама заявілі, што працягнуць кругласутачнае дзяжурства каля прадпрыемства. Яны лічаць, што прадпрыемства працуе, нягледзячы на тое што афіцыйна яшчэ не запушчанае, і выпускае прадукцыю. Прычым працуе ў асноўным у начны час, бо менавіта ў гэты час з трубы прадпрыемства ідзе дым.
Пасля сустрэчы на плошчы, якая доўжылася прыкладна да 12.45, праціўнікі будаўніцтва завода — прыблізна 200 чалавек — прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця — Пушкінскай і Савецкай да ЦУМа на праспекце Машэрава. Прыблізна ў 12.50 на вуліцы Савецкай быў затрыманы блогер Сяргей Пятрухін. Ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС. Пра гэта БелаПАН паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкін.