Прыгавораны жыхар Пінска, які спаліў у печы труп маці



4 верасня набыў моц прыгавор 40-гадоваму пінчаніну, які спаліў у печы труп сваёй маці.

Як паведаміла БелаПАН старшы пракурор аддзела пракуратуры Берасцейскай вобласці Кацярына Пакала, 26 лютага ў Пінску мужчына, які нідзе не працуе, звярнуўся ў міліцыю з заявай аб знікненні маці. З яго слоў, у пачатку лютага 75-гадовая маці, з якой ён жыў у адным доме, забрала свае рэчы і пайшла ў невядомым кірунку.

Падчас праверкі па гэтай заяве было ўстаноўлена, што знікненне жанчыны можа насіць крымінальны характар. Пасля гэтага пінчанін расказаў, што ў ноч з 3 на 4 лютага ў ходзе сваркі ён штурхнуў маці і яна стукнулася галавой. Увечары 4 лютага ён выявіў, што маці памерла, і, спалохаўшыся, спаліў яе цела ў печы ў доме.

У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу.

19 ліпеня суд Пінскага раёна і горада Пінска прызнаў яго вінаватым у правапарушэннях, прадугледжаных арт. 153 КК (наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пакалечання), арт. 155 КК (прычыненне менш цяжкага цялеснага пакалечання па неасцярожнасці) і ч. 1 арт. 347 КК (здзек над трупам).

Мужчыну было прызначана судом пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пінчанін палічыў прысуд суровым і абскардзіў яго.

4 верасня судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда пакінула скаргу без задавальнення, прыгавор суда першай інстанцыі — без змены.