Прыхаваныя рэпрэсіі ў ВНУ не спыняюцца
Прыхаваныя рэпрэсіі не спыняюцца ў Беларусі, асабліва ў сферы вышэйшае адукацыі.
Юрыст камітэта “Салідарнасць” Тамара Сідарэнка звяртае ўвагу на абмежаванні акадэмічных свабодаў студэнтаў і выкладчыкаў:
– Праблема нават проста ў хаванні заканадаўства, у хаванні сваіх лакальных актаў, напрыклад, паспрабаваць знайсці статут універсітэта, ці статут нейкай вышэйшай навучальнай установы даволі цяжка – гэта чамусьці такая таямніца за сям’ю пячаткамі. Студэнты яго не могуць атрымаць, азнаёміцца з ім, на сайтах яго няма і г.д.
„За грамадзянскую актыўнасць студэнтаў адлічаюць з ВНУ. Гэта практыка шырокаўжывальная і амаральная”, – кажа Тамара Сідарэнка.
– Звальняюць, выключаюць з універсітэта быццам не за іх дзейнасць, за ўдзел у нейкіх мерапрыемствах, а быццам за тое, што яны дрэнна вучыліся, хаця як след гэта адны з лепшых студэнтаў гэтых ВНУ.
Дададзім, што на сайце камітэта “Салідарнасць” пачынаюць размяшчацца відэакансультацыі з абмеркаваннем канкрэтных выпадкаў прыхаваных рэпрэсій. Там жа будуць апублікаваныя тэкставыя рэкамендацыі, узоры заяваў і скаргаў.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя