Прыхільнікі перамен запусцілі праект „23.34”



Прыхільнікі перамен запусцілі спецыяльны інтэрнэт-праект „23.34” для збору звестак аб парушэннях правоў чалавека ў перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў. Прэзентацыя адбылася 23 кастрычніка ў Менску.

„23.34” — сумесны спецпраект Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, штаба экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, праваабарончага цэнтра „Вясна”, платформы „Голас” і ініцыятывы „Сумленныя людзі”.

Праект названы па нумары артыкула КоАП аб парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, якую ўлады актыўна прымяняюць да затрыманых на акцыях пратэсту прыхільнікаў перамен.

Як паведаміў былы старшы віцэ-прэзідэнт EPAM Systems член КР Максім Баграцоў, праект прызначаны для таго, каб „інфармацыя аб парушэннях правоў чалавека, якія адбываюцца з гэтага лета, не была прапушчаная, забытая, а была сабраная”. Паводле яго слоў, гэта неабходна, каб пасля яе можна было „выкарыстоўваць для прыцягнення ўвагі да таго, што адбываецца ў Беларусі, для аказання дадатковай дапамогі людзям, якія пацярпелі, і аднаўлення справядлівасць у будучыні”.

„Платформа і сістэма — гэта досыць просты сайт, дзе кожны чалавек, які быў затрыманы на падставе аднаго з гэтых артыкулаў, можа падзяліцца сваёй гісторыяй, інфармацыяй пра тое, як адбывалася затрыманне, у якіх умовах чалавек утрымліваўся пасля гэтага, дадатковымі дэталямі, якія нам потым дапамогуць, з аднаго боку, зрабіць гэтую гісторыю здабыткам грамадскасці і дапамагчы людзям у нейкіх выпадках”, — адзначыў Баграцоў. Ён дадаў, што запаўняць анкету на сайце могуць не толькі людзі, якіх асудзілі паводле арт. 23.34 КоАП, але і прыцягнулі да адказнасці паводле іншых артыкулаў з парушэннем іх правоў.

Старшыня рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання „Беларускі Хельсінкскі камітэт” Алег Гулак адзначыў, што „праблема не толькі ў артыкуле 23.34 КоАП, яна найперш у самім законе аб масавых мерапрыемствах, які было б правільна называць законам аб забароне масавых мерапрыемстваў”.

„Рэальна гэты закон найгрубейшым чынам парушае правы чалавека на выказванне свайго меркавання, дэманстрацыю гэтага меркавання публічна шляхам удзелу ў масавых мерапрыемствах, — падкрэсліў праваабаронца. — Ён парушае і беларускую Канстытуцыю, і міжнародныя стандарты, якія наша краіна добраахвотна прыняла на сябе. Усе пустыя размовы, што дэманстранты дзейнічаюць па-за прававым полем, гэта ўсё размовы для людзей, якія не разумеюць і не хочуць ведаць права, не ведаюць заканадаўства. Любы дасведчаны юрыст скажа, што такое заканадаўства не варта прымяняць. З юрыдычнага пункта гледжання яно нікчэмнае, таму што павінны прымяняцца нормы больш высокага ўзроўню, якія сапраўды павінны дазваляць чалавеку мірна выказваць сваё меркаванне публічна”.

„Пазіцыя праваабарончай супольнасці прынцыповая: тое, што мы бачым на працягу больш як двух месяцаў на беларускіх вуліцах, — цалкам незаконныя дзеянні сілавікоў і органаў улады супраць свайго насельніцтва, якое мірна рэалізуе свае законныя правы. Адпаведна, усе прыцягненні да адказнасці (я ўжо не бяру тое, як гэта адбываецца — з парушэннямі працэсуальных працэдур, правоў на абарону і справядлівы суд) незаконныя, бо прымяняецца заканадаўства, якое не павінна мець юрыдычнай сілы”, — адзначыў Гулак.

Праваабаронца дапоўніў, што праект дазволіць зафіксаваць „і тых людзей, якія пацярпелі, і тых, якія былі датычныя да таго, каб сістэма рэпрэсій існавала”.

Прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta, член міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі Валдзіс Фугаш назваў новы праект добрай магчымасцю „ахапіць больш пацярпелых, чым атрымліваецца ў праваабарончых арганізацый з аб’ектыўных прычын, таму што чалавечыя рэсурсы не бязмежныя, а таксама магчымасцю ўжо зараз мець вялікую карціну таго, што адбывалася, да таго як мы атрымаем доступ да матэрыялаў справы”.

Старшыня пазбаўленага ў Беларусі рэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” член КР Алесь Бяляцкі адзначыў, што калі „ў адносна спакойныя гады” арганізацыя, якую ён узначальвае, у сярэднім рэгістравала за год 1.000—1.300 адміністрацыйных затрыманняў, звязаных з грамадска-палітычнай актыўнасцю, то за апошнія два з паловай месяцы „праз гэта прайшлі ўжо прыблізна 15 тыс. чалавек”.

„Гэта не проста затрыманні, калі чалавека затрымалі, пасадзілі ці далі штраф і потым адпусцілі, — канстатаваў Бяляцкі. — Гэта катаванні. Мы бачылі, як масава яны чыніліся адразу пасля 9 жніўня, калі тысячы чалавек прайшлі праз свядомыя запланаваныя катаванні, якія адбываліся ва ўсіх гарадах Беларусі. Людзей збівалі, прыніжалі, мучылі. Гэта масавае злачынства супраць чалавечнасці. Такія выпадкі адбываюцца і цяпер, магчыма, не так масава, але мы ўвесь час іх фіксуем”.

Паводле яго слоў, праект дазволіць даведацца, „што было з чалавекам да суда, як яго затрымалі, прывезлі ў РУУС, у якіх умовах ён там знаходзіўся, што было далей, умовы ўтрымання падчас арышту”. „Мы вельмі спадзяемся, што ўсё гэта будзе захоўвацца гэтак жа, як і судовыя пастановы, дзе запісаныя прозвішчы суддзяў, сведак. Думаю, база дакументаў, якія будуць фіксавацца пры зборы гэтай інфармацыі, надзвычай важная пры наступных разглядах. Я ўпэўнены, што наступіць час, калі будуць прааналізаваныя дакументы, і людзі, якія вінаватыя ў злачынствах, будуць прыцягнутыя да адказнасці згодна з законам. Гэтая база будзе добрай дапамогай у справе дасягнення справядлівасці”, — заявіў Бяляцкі.

belapan.by