Прымусовыя высяленні з цэнтра горада ў Берасці



У Берасці карэнных жыхароў цэнтра горада працягваюць высяляць на ўскраіны. Гэтым разам прадстаўнікі ўлады аддаюць прыватную маёмасць замежнаму інвестару пад прыкрыццём дзяржаўнай патрэбы па вуліцы Гогаля, дамы  № 42 і № 44. Жыхары не збіраюць высяляцца, паколькі бачаць відавочныя парушэнні беларускага заканадаўства:

– Яны не правялі некаторыя працэдуры, якія павінны былі быць – гэта грамадскае абмеркаванне. Яны не раіліся з жыхарамі горада, ні з намі, падабаецца гэта нам ці не падабаецца, проста выключылі з дамовы, даслалі паперу пра тое, што яны хочуць забраць гэтую зямлю.

– Дом, як кажуць, прыватная ўласнасць, зямля пад домам узята на пажыццёвае карыстанне. Гарадскія ўлады што хацелі, прыйшлі, прапанавалі цягнуць фанцікі на кватэры ў сацыяльным доме на Гвардзейскай, нас таксама прымушалі цягнуць “фанцікі”, але мы адмовіліся.

„У гэтым выпадку не зразумела, што значыць дзяржаўная патрэба, і як можна адабраць уласнасць у аднаго чалавека і аддаць яе іншаму“, – адзначае берасцейскі праваабаронца Юры Жыдовіч:

– Згодна з законам, з Канстытуцыяй, з канцэпцыяй правоў чалавека, яны не маюць адзін над адным перавагі. Няхай чыноўнікі паспрабуюць нейкім чынам даказаць, што існуе такая дзяржаўная патрэба – адбіраць жыллё.

Такая ж сітуацыя з незаконным адсяленнем склалася з так званым будучым “італьянскім кварталам” на перакрыжаванні вуліц Міцкевіча і Савецкай, а таксама з высяленнем грамадзян з прыватнай уласнасці па вуліцы Астроўскага ў Берасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце