Прынятыя змены ў Кодэкс аб адукацыі ніяк не палепшаць яе сістэму і якасць



Змены ў Кодэкс аб адукацыі, прынятыя 7 красавіка Палатай прадстаўнікоў, „зусім мікраскапічныя” і ніяк не палепшаць сістэму адукацыі і яе якасць, заявіў БелаПАН эксперт у сферы адукацыі, член Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў, які займаўся вывучэннем і аналізам законапраекта.

Паводле слоў Дунаева, не выкананыя абяцанні міністра адукацыі Ігара Карпенкі адлюстраваць у новым кодэксе некаторыя абавязацельствы, узятыя краінай у рамках Балонскага працэсу, куды Беларусь прынялі ў 2015 годзе з умовай іх выканання. „Гэта нейкія мікраскапічныя інавацыі, гара нарадзіла мікроб”, — мяркуе ён.

Адным з нямногіх пазітыўных змяненняў у дакуменце эксперт лічыць заканадаўчае замацаванне дыстанцыйнага навучання. „Пандэмія COVID-19 паказала, што адсутнасць у краіне легальнай формы дыстанцыйнай адукацыі адбіваецца і на бяспецы навучэнцаў, студэнтаў і выкладчыкаў, і на якасці адукацыі”, — сказаў ён.

Дунаеў нагадаў, што працэс легалізацыі дыстанцыйнай адукацыі ў краіне тармозіцца з 2007 года.

Іншае новаўвядзенне — пераход ад тыпавых планаў навучання на прыкладныя — мала што зменіць, прынамсі, ва ўстановах вышэйшай адукацыі, мяркуе эксперт. „Гаварыць, наколькі новаўвядзенне дадасць універсітэтам аўтаноміі, не даводзіцца, таму што яна вымяраецца 24 індыкатарамі, а пераход на прыкладныя планы — толькі адзін з іх”, — падкрэсліў Дунаеў.

Эксперт выказаў упэўненасць, што цяпер у Беларусі „не тыя часы, каб разлічваць на нейкую лібералізацыю і паляпшэнне якасці сістэмы адукацыі”. „Калі нейкія артыкулы і дазваляюць пашырыць самастойнасць установы адукацыі, то па факце наўрад ці гэта будзе істотным прыростам”, — дадаў ён.

У цэлым жа, адзначыў Дунаеў, асаблівасць Кодэкса аб адукацыі ў тым, што ён не мае прамога дзеяння. „Усе настолькі расплывістыя фармулёўкі і патрабуюць удакладнення ў падзаконных актах, што ніхто не можа сказаць, у што гэтыя змены могуць выліцца. Напрыклад, у кодэксе гаворыцца, што цяпер ніхто не можа назвацца школай або ўніверсітэтам без найвышэйшага дазволу на гэта. Хіба гэта дасягненне ў плане ўдасканалення сістэмы адукацыі? У гэтым прадстаўнікі ўлады бачаць толькі магчымасць узмацнення жорсткасці патрабаванняў”, — упэўнены ён.

Таксама Дунаеў адзначыў, што фактычна ўсе заканадаўчыя інавацыі, якія былі абяцаныя Беларуссю па дарожнай карце ў рамках Балонскага працэсу, за выключэннем нейкіх дробязяў, у новым варыянце кодэкса не замацаваныя. „Напрыклад, у сістэму вышэйшай адукацыі, якая павінна была б складацца з трох цыклаў, так і не ўвайшла аспірантура. А з плана па выдачы бясплатнага абавязковага дадатку да дыплома на замежнай мове выключаюцца ўсе медыкі”, — звярнуў увагу суразмоўца.

„Такім чынам, шматгадовая праца ўвянчалася вельмі сціплымі вынікамі, відавочна не такімі, якія варта было б чакаць. І сістэму адукацыі яны ніяк не палепшаць”, — лічыць Дунаеў.

 БелаПАН

Фота: novychas.by