Ганна Красуліна мусіць з’ехаць з Беларусі да паўночы (абноўлена)
Галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Менгарвыканкама разгледзела скаргу прэс-сакратаркі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай на сваю высылку з Беларусі. У адказе з ГУУС гаворыцца, што скарга разгледжана і пакінута без задавальнення. Прынятае рашэнне аб высылцы з’яўляецца законным і абгрунтаваным.
Па словах Ганны Красулінай, супрацоўніца Галоўнага ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі МУС РБ, куды яна адразу звярнулася, патлумачыла, што паколькі на скаргу дадзены адказ, то зараз Ганна Красуліна не знаходзіцца ў статусе падаўшай скаргу:
– У суд я магу абскардзіць, але на гэты час мяне могуць выдварыць з Рэспублікі Беларусь. І яна дала зразумець, што так і будзе зроблена, што сёння ў 0 гадзін 00 хвілін мая добраахвотная высылка мяняецца на прымусовую. То бок, яны мяне хапаюць і выдвараюць з Рэспублікі Беларусь.
Тым не менш, Ганна Красуліна тэрмінова падае скаргу ў суд. Пасля чаго мае намер праінфармаваць міліцыю Маскоўскага раёну Менску, што адказ ГУУС Менгарвыканкама абскарджаны. І Ганна Красуліна зноў знаходзіцца ў статусе грамадзяніна, які законна абскардзіў рашэнне ГУУС і мае права да суда знаходзіцца ў Беларусі.
Па словах Ганны Красулінай, тое, як міліцыя разгледзела яе скаргу, абсалютна не адпавядае практыцы разгляду такіх скаргаў па тэрмінах. Гэта пацвярджае, што справа знаходзіцца на асаблівым кантролі.
* * *
Улады Беларусі прыпынілі высылку з краіны прэс-сакратара Аб’яднанай грамадзянскай партыі, грамадзянкі Расеі Ганны Красулінай.
Гэта зроблена на час разгляду яе скаргі, якую яна накіравала ў Галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Менгарвыканкама. Пакінуць Беларусь яна павінна была да 30 лістапада. Па словах Ганны Красулінай, скарга ў ГУУС Менгарвыканкама пададзеная 28 лістапад:
– Гэта вышэйстаячая інстанцыя ў адносінах да той, якая прыняла гэтае рашэнне. Прыняў Маскоўскі РАУС, а ў гарадскім упраўленні яны будуць разглядаць маю скаргу і прымуць рашэнне цягам месяца. Калі адказ будзе адмоўным, то я буду падаваць у суд. Абавязкова. Але мы пабачым, бо сітуацыя зараз неадназначная. І Расейскае пасольства выслала ноту ў МУС Рэспублікі Беларусь.
Падставай для высылкі з’яўляюцца адміністрацыйныя пакаранні за ўдзел у двух несанкцыянаваных мерапрыемствах апазіцыі ў 2016 і 2017 гадах, а таксама неаплачаны праезд у грамадскім транспарце. Але тэрмін дзеяння пакаранняў за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах ужо прайшоў, а штраф за неаплачаны праезд сплочаны адразу на месцы, – сцвярджае Ганна Красуліна.
Таму рэальнай прычынай высылкі яна лічыць сваю дзейнасць у АГП і спробу ўладаў нанесці шкоду партыі напярэдадні выбарчых кампаніяў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота TUT.BY