Прыродаахоўнікі просяць не паліць траву
На Піншчыне на працягу двух сутак тушылі пажар у экасістэме на тэрыторыі заказніка „Прастыр”. Узгаранне адбылося на плошчы ў 55 гектараў, на дапамогу пінскім ратавальнікам адгукнуліся калегі са Століна ды Лунінца. Узгаранне было ліквідавана на трэці дзень. Мяркуюць, што прычынай пажару стала выпальванне сухой расліннасці.
Супрацоўнік прыродаахоўнай установы Павел Ракіцкі нагадвае, што за выпальванне расліннасці ды смецця чакае сур’ёзная адказнасць:
– За падобныя парушэнні прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па адпаведных артыкулах Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Прадугледжана пакаранне ў выглядзе 40 базавых велічыняў. Я прашу нашых землякоў задумацца і рабіць усё згодна з правіламі, каб засцерагчы сябе, а таксама суседзяў ды блізкіх.
Па інфармацыі ратавальнікаў ад кастрычніка ўзгаранні ў экасістэме на тэрыторыі Берасцейшчыны набылі масавы характар у сувязі з сухім і цёплым надвор’ем.
Ёсць і ахвяры, у выніку спальвання сухой расліннасці на падворку ў Берасцейскім раёне апёкі 20% цела атрымаў 73-гадовы пенсіянер.
Беларускае Радыё Рацыя