Прысуды чацвёрцы гарадзенцаў пакінулі без зменаў
У Гародні апеляцыйныя скаргі чатырох гарадзенцаў – удзельнікаў восеньскіх пратэстаў, разглядаў абласны суд.
Два браты: Юры і Уладзімір Седзянеўскія і сёстры: Надзея Сцепанцова і Жана Захаркевіч патрабавалі не разглядаць пратэст пракурора Мікіты Мысліўца, якому падалося, што асуджаныя маюць занадта мяккае пакаранне, і вымагаў прызначыць паўтара года калоніі агульнага рэжыму братам. А сёстрам: Жане Захаркевіч – 2 гады, а Надзеі Сцепанцовай – два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму.
Кажа праваабаронца Раман Юргель, з Беларускага Хельсінкскага камітэту, які назіраў за судовым працэсам:
– Многія справы, многія прысуды раённых судоў, дзе разглядаюцца як апеляцыйныя скаргі абвінавачаных, так і апеляцыйныя пратэсты пракуратуры. Пракуратура хоча па максімуме караць людзей за ўдзел у мірных пратэстах.
Адной з прычынаў для вынясення пратэста ў суд пракуратурай сталася тое, што абвінавачаныя давалі каментары сродкам масавай інфармацыі, што прывяло да негатыўнай ацэнкі дзеянняў сілавікоў. Фактаў, праўда, не было прадстаўлена. Кажа Раман Юргель:
– Але ж сёння ў судзе і адвакат, і абвінавачаныя заявілі, што адкрытыя суды адбыліся, хто хацеў, прыходзіў і слухаў гэтыя паседжанні. І ў гэтым нічога такога няма, што дзесьці нейкі каментар далі абвінавачаныя. Ідзе запалохванне грамадства гэтымі прысудамі, гэтымі пратэстамі ў абласныя суды, каб людзі толькі на кухнях выказвалі сваё меракаванне, не выходзілі на вуліцу.
Суд і калегія ў складзе суддзяў Андрэя Ліхача, Змітра Бубенчыка ды Віталя Кулешы пастанавіла пакінуць прысуд без зменаў, а апеляцыйныя скаргі абвінавачанай чацвёрцы гарадзенцаў і пратэст пракурора пакінуць без задавальнення.
Нагадаем, што абвінавачаныя гарадзенцы: два браты і дзве сястры былі асуджаныя на розныя тэрміны калоніяў адкрытага тыпу ад трох, да трох з паловай гадоў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя