Прысуд фігурантам першай крымінальнай „справы аб карагодзе” пакінулі без змены



Судовая калегія па крымінальных справах Берасцейскага абласнога суда 14 траўня пакінула без змены прысуд па першай крымінальнай „справе аб карагодзе”, паведамляе тэлеграм-канал „Вясна. Брэст”.

Апеляцыйныя скаргі на прысуд суда першай інстанцыі падавалі 8 з 10 фігурантаў справы. Абласны суд пакінуў скаргі без задавальнення.

Прысуд па першай „справе аб карагодзе” быў вынесены 27 лютага судом Ленінскага раёна Берасця. Двум абвінавачаным было прызначанае пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, пяць асудзілі на паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Двое асуджаныя на паўтара года абмежавання волі без накіравання, адзін — на год абмежавання волі таксама без накіравання. Усе прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК).

27 красавіка ў Берасцейскім абласным судзе былі разгледжаныя скаргі фігурантаў другой крымінальнай „справы аб карагодзе”. Вынесены ім прысуд 15 сакавіка судом Ленінскага раёна Берасця паводле ч. 1 арт. 342 КК таксама пакінуты без зменаў. Па гэтай справе асудзілі 8 чалавек. Адзін прыгавораны да аднаго года і васьмі месяцаў пазбаўлення волі, яшчэ адзін — да аднаго з паловай года пазбаўлення волі. Абодва з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Двум прызначана па два гады абмежавання волі, яшчэ тром — па паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, аднаму — паўтара года абмежавання волі без накіравання.

Прысуд 14 фігурантам трэцяй крымінальнай „справы аб карагодзе” быў вынесены 7 траўня судом Маскоўскага раёна Берасця. Адзін чалавек асуджаны на адзін год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, пяцёра — на два гады абмежавання волі, двое — на паўтара года абмежавання волі. Усе з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Тром суд прызначыў па два гады абмежавання волі, яшчэ тром — па паўтара года абмежавання волі, усім — без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Фігурантаў гэтай справы таксама абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК. Інфармацыі пра абскарджанне гэтага прысуду ў праваабаронцаў няма.

14 траўня ў судзе Берасцейскага раёна пачалі разглядаць чацвёртую „справу аб карагодзе” паводле ч. 1 арт. 342 КК. Судзяць 12 чалавек. Паводле абвінавачання, 13 верасня 2020 года гэтыя людзі ўзялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў цэнтры Берасця. Знаходзячыся на праезнай частцы перасячэння праспекта Машэрава, бульвара Касманаўтаў і бульвара Шаўчэнкі, у групе з іншымі асобамі яны „наўмысна ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Гэтыя дзеянні, гаворыцца ў абвінавачанні, былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. Удзельнікаў акцыі пратэсту, якія пачалі вадзіць карагоды на скрыжаванні, сілавікі разагналі з ужываннем вадамёта.

Крымінальных „спраў аб карагодзе” некалькі, а агульная колькасць фігурантаў — больш за 70. Берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк лічыць, што ў дзеяннях фігурантаў гэтых спраў няма складу крымінальнага злачынства. „Гэта адміністрацыйнае правапарушэнне”, — заявіў БелаПАН праваабаронца.

belapan.by