Прысуд Мікалаю Дзядку будзе абвешчаны 10 лістапада (абноўлена)
Палітвязень выступіў з апошнім словам. Яго публікуе „Вясна”.
„Усе ўдзельнікі працэсу з юрыдычнай адукацыяй выдатна бачаць і разумеюць, што адбываецца. Я толькі хачу падзякаваць сваім родным, сябрам, таварышам-анархістам, журналістам, праваабаронцам, усім неабыякавым, усім, хто шануе маю працу, за тое, што падтрымлівалі мяне на працягу гэтага года і дапамагалі матэрыяльна. Гэта вельмі важна для мяне. Ну а ўсім, хто мае дачыненне да арганізацыі гэтага судовага працэсу, а роўна і іншых палітычных рэпрэсій у маёй краіне, я хачу сказаць: не майце ілюзій! Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор ня здольныя спыніць вызваленне чалавека і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!”
Пракурор Антон Цюменцаў у судовых спрэчках заявіў, што віна Мікалая Дзядка цалкам даказаная.
* * *
Суд над палітвязнем Мікалаем Дзядком затрымаўся з-за паведамлення пра мініраванне будынку суда.
Пасля чатырох месяцаў у Менскім гарадскім судзе сёння мусіў аднавіцца суд над Мікалаем Дзядком. 6 ліпеня па справе прызначылі судовую псіха-лінгвістычную экспертызу, якая праводзілася гэтыя месяцы. Але суд не пачаўся праз паведамленне пра мініраванне будынку суда, піша „Вясна”.
Сапёры завяршылі ўжо працу ў будынку – усіх пускаюць у сярэдзіну, паведамляюць праваабаронцы.