Прысуд па крымінальнай справе Фурманава-Разнічэнкі-Кнігі абвесцяць 2 чэрвеня
У Гародні 31 траўня ў судзе Кастрычніцкага раёну працягнуўся разгляд крымінальнай справы трох гарадзенцаў – Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнкі і Уладзіміра Кнігі. Гэтая крымінальная справа цягнецца яшчэ з канца траўня 2020 года. Справу вядзе суддзя Вольга Бекушава. Дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Мікіта Мыслівец. Абвінавачаных бароняць тры менскія адвакаты. Фігуруюць артыкулы 342 і 364 Крымінальнага кодэксу. Гутарка ідзе пра падзеі ў Гародні 29 траўня, калі пасля правакацыі гвалтоўна затрымлівалі Сяргея Ціханоўскага.
На мінулым паседжанні 20 траўня ішлі спрэчкі бакоў.
Сёння прайшло апошняе слова абвінавачаных. Зміцер Фурманаў выступіў па-беларуску. Ён заявіў, што ўсе негатыўныя падзеі 29 траўня 2020 году пачаліся з спланаванай правакацыі. Далей сказаў, што ў перспектыве ў Беларусі будзе ўсё добра, вернуцца сапраўдныя сцяг і герб, а Беларусь стане вольнай краінай, якой будуць ганарыцца. Фурманаў прачытаў верш Міколы Ермаловіча.
Яўген Разнічэнка таксама падзякаваў усіх, хто прыйшоў яго падтрымаць. „Хочаш сесці ў турму – едзь у Беларусь” – такое рэзюме зрабіў ён. Разнічэнка сказаў, што ніякіх злачынстваў ён не зрабіў, а насамрэч 29 траўня адбылася правакацыя, якую ніхто не стаў расследаваць. Яўген сказаў, што не мае дычынення да гвалту ні да міліцыянта Казлоўскага, ні да міліцыянта Хвалені. Ён сказаў, што яго садзяць у турму паводле фантазій следства і дзяржабвінаваўцы. Разнічэнска нікому не помсціў, ён сказаў, што справа поўнасцю сфабрыкаваная і як цяпер жыць яго сям’і, калі яго, хворага чалавека, садзяць ні за што ў турму?! „Віну не прызнаю, гэта была правакацыя!”.
Уладзімір Кніга сказаў вельмі каротка: „Сваю віну не прызнаю, гэта была правакацыя, заранёў спланаваная спецслужбамі! Усе ўсё бачылі! Жыве Беларусь!”.
Прысуд па гэтай крымінальнай справе будзе абвешчаны 2 чэрвеня а 15-й гадзіне.
„Гарадзенская вясна”