Прысуд па справе «Рабочага Руху» абвесцяць 17 лютага



У Гомельскім абласным судзе з 9 лістапада ідзе суд па справе «Рабочага Руху», фігурантамі якой з’яўляюцца адразу дзесяць палітзняволеных — Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Церэневіч, Сяргей Шамецька, Аляксандр Капшуль.

Іх утрымліваюць пад вартай адзін год і пяць месяцаў. Усіх абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Палітвязням пагражае да 15 гадоў зняволення. Працэс разглядае суддзя Аляксандр Піскуноў. Апошні месяц суд праходзіў у закрытым рэжыме — нават спрэчкі бакоў. Прысуд будзе абвешчаны 17 лютага ў 12:00 у адкрытым рэжыме.

Усе 10 палітвязняў не прызналі віну ў здрадзе дзяржаве. Яны адмовіліся даваць паказанні да агучвання сакрэтнага тома — іх допыт праходзіў у закрытым рэжыме. Напрыканцы снежня Аляксандр Капшуль абвясціў галадоўку супраць парушэння заканадаўства падчас яго ўтрымання ў гомельскім СІЗА.

У судзе Цэнтральнага раёна Менска 9 лютага разгледзілі скаргу палітвязняў на рашэнне КДБ аб прызнанні «Рабочага Руху» «экстрэмісцкім фармаваннем». КДБ прыняў такое рашэнне 21 верасня 2021 года — пасля і падчас затрыманняў фігурантаў справы. Разгляд скаргі праходзіў у закрытым рэжыме, таму вынік невядомы, але ён прадказальны.

Падтрымайце палітвязняў: СІЗА-3, 246003, Гомель, Кніжная, 1А

Вясна