Прысуд па „справе студэнтаў” будзе абвешчаны 16 ліпеня
Прысуд па „справе студэнтаў”, фігурантамі якой з’яўляюцца 12 чалавек, будзе абвешчаны ў судзе Савецкага раёна Менска 16 ліпеня (пачатак у 11.30).
Як паведамляецца на праваабарончым сайце spring96.org, 12 чэрвеня абвінавачваныя, якія прызнаныя палітвязнямі, выступілі на працэсе з апошнім словам.
Ілля Трахтэнберг адзначыў, што абвінавачанні ў яго дачыненні маюць вялікую колькасць працэсуальных парушэнняў, „а значыць, не могуць мець юрыдычнай сілы і з’яўляцца доказам па крымінальнай справе”. Ён не лічыць свае дзеянні злачынствам і ўпэўнены, што крымінальная справа — „выключна палітычна матываваная”.
„Я адкрыта выказваў сваё меркаванне. Незалежна ад таго, што мяне чакае, я застануся вольным чалавекам, таму што я магу самастойна думаць і прымаць рашэнні”, — цытуюць праваабаронцы маладога чалавека.
Выкладчыца Вольга Філатчанкава выступіла з апошнім словам на беларускай мове: „Я адчуваю вашу любоў кожную хвіліну, і менавіта яна дапамагла мне прайсці праз выпрабаванні лёсу, быць сёння тут з вамі і сумленна глядзець вам у вочы. Ганаруся тым, што мела магчымасць выкладаць у адным з лепшых універсітэтаў краіны і рабіла гэта не за грошы, а па сумленні”.
Яна выказала надзею, што наступіць дзень, калі „ўсе змогуць жыць у новай, свабоднай краіне”. І шкадаванне, што „такія таленавітыя і смелыя людзі ўжо восем месяцаў правялі ў турме і пацярпелі толькі за тое, што не згодныя з несправядлівасцю, якая адбываецца цяпер паўсюль”.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Анастасія Булыбенка ў сваім апошнім слове падкрэсліла, што правяла восем месяцаў у СІЗА за тое, што імкнулася сцвердзіць правы і свабоды ўсіх грамадзян Беларусі і жадала зрабіць краіну лепшай. Яна адзначыла, што ёй усяго 19 гадоў, але ёсць рэчы, для разумення якіх узрост не мае значэння.
„Я выйшла не супраць улады, я выйшла супраць гвалту, знявагі, беззаконня і хлусні. Таму што мяне немагчыма прымусіць глядзець і не бачыць, — сказала Анастасія. — Я ведаю, што я ўсё зрабіла правільна. Мне ўсё яшчэ балюча, але мне ўжо не страшна. Я не веру людзям, але я ніколі не перастану верыць у людзей. Я ў зняволенні, але мая свабода ўнутры. У маіх дзеяннях адсутнічае склад злачынства і адзіны справядлівы прысуд будзе — апраўданне”.
Алана Гебрэмарыям, паведамляюць праваабаронцы, заявіла, што „няма ніводнага фактычнага доказу” яе віны; „ні пра якую папярэднюю змову не можа быць і гаворкі”, паколькі асабіста яна знаёмая толькі з Ксеніяй Сырамалот; яна ніколі і нікому не давала ніякіх указанняў, не размяркоўвала ролі, не планавала масавыя мерапрыемствы.
Гебрэмарыям не прызнала сваёй віны і заявіла, што ні пра што не шкадуе. Дзяўчына лічыць, што „ні пры якіх абставінах студэнты не павінны знаходзіцца ў турме або СІЗА, бо гэта шлях у нікуды”. Яна пазнаёмілася з астатнімі фігурантамі на азнаямленні са справай і ацэньвае іх як разумных, крэатыўных і моцных духам людзей, сапраўдных патрыётаў сваёй краіны. Гебрэмарыям падкрэсліла, што ні яны, ні яна — не злачынцы і не хацелі нічога дрэннага для сваёй краіны.
У сваю чаргу Ксенія Сырамалот заявіла: „Калі вы, высокі суд у прыватнасці, і Рэспубліка Беларусь, імем якой выносіцца абвінаваўчы прысуд, у цэлым лічыце, што злачынна прытрымлівацца Канстытуцыі, злачынна не хлусіць, злачынна старанна вучыцца, злачынна дапамагаць людзям, злачынна тварыць, злачынна быць чалавекам, то я разумею матывацыю любога абвінаваўчага прысуду. Я разумею, што восем месяцаў знаходзілася ў СІЗА і яшчэ паўтара года буду знаходзіцца ў калоніі за ўсё мной вышэй названае”.
Кася Будзько адзначыла, што ўсе абвінавачваныя — „вельмі цікавыя, разумныя і класныя людзі і павінны заставацца такімі ў далейшым, працягваць развівацца назло нягодам”. Яна дадала, што ёй крыўдна за тое, што адбываецца ў краіне, што „самыя годныя і перспектыўныя студэнты вымушаныя сядзець у турме”. „Але я люблю Беларусь з усімі яе плюсамі і мінусамі нават праз восем месяцаў у турме”, — падкрэсліла Кася.
Яна Арабейка распавядала, з кім пазнаёмілася ў СІЗА, пра што яны размаўлялі, чаму вучылі адзін аднаго. „Кожны з гэтых людзей — гэта надзея на тое, што лепшая будучыня магчымая. Кожнаму з іх я ўдзячная! За восем месяцаў я сустрэла шмат розных людзей з рознымі прынцыпамі і ідэаламі, рознымі лёсамі. І гэтыя восем месяцаў рэжымных мерапрыемстваў не змаглі пераканаць мяне ў тым, што страх разбурае давер і ўсё тое, без чаго не можа існаваць і функцыянаваць здаровае грамадства. Таму і па сотні іншых прычынах маім апошнім словам будзе — свабода”, — цытуе палітзняволеную праваабарончы сайт.
Вікторыя Гранкоўская падчас сваёй прамовы спаслалася на артыкул 33 Канстытуцыі Беларусі, якой кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў і перакананняў і іх свабоднае выказванне. „Але ў мінулым годзе, як і цяпер, у нас хацелі забраць гэта права. Гэта крымінальная справа гэтаму прыклад. Я не магла і не буду мірыцца з неабгрунтаваным гвалтам у дачыненні да мірных грамадзян, закрываць на гэта вочы і рабіць выгляд, што ўсё ў парадку”. Яна дадала: „Я ўсё ж веру ў гонар, годнасць і справядлівасць людзей. Я не збіраюся прызнаваць тое, чаго не рабіла”.
Ягор Канецкі адмовіўся ад апошняга слова, а Глеб Фіцнер яшчэ раз прызнаў сваю віну і прасіў не выносіць суровае пакаранне.
Таццяна Якельчык прасіла суд вынесці „адзіна правільны апраўдальны прысуд і не пазбаўляць таленавітых і разумных маладых людзей свабоды”.
Марыя Каленік падзякавала сваёй сям’і за падтрымку, сказала аб тым, што любіць яе. Дзякавала студэнтам Акадэміі мастацтваў, валанцёрам і ўсім, хто ёй пісаў лісты і словы салідарнасці.
Як паведамлялася, пракуроры запыталі для абвінавачваных студэнтаў Ксеніі Сырамалот, Ягора Канецкага, Іллі Трахтэнберга, Таццяны Екельчык, Касі Будзько, Яны Арабейкі, Вікторыі Гранкоўскай, Анастасіі Булыбенкі, Марыі Каленік, выпускніцы БДМУ Аланы Гебрэмарыям і выкладчыцы БДУІР Вольгі Філатчанкавай па два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму. Для Глеба Фіцнера, адзінага, які прызнаў сваю віну ў судзе, — два гады пазбаўлення волі.
Падсудных абвінавачваюць у змове, здзяйсненні злачынства групай асоб і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 2 арт. 17 і ч. 1 арт. 342 КК, максімальнае пакаранне — тры гады пазбаўлення волі).
Большасць абвінавачваных, паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры, маладыя людзі 1996—2001 гадоў нараджэння, у тым ліку студэнты сталічных універсітэтаў.
Усе яны прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітвязнямі і знаходзяцца пад вартай з 12 лістапада 2020 года.