Прысуд за абразу супрацоўніка КДБ — два гады „хіміі”



Пакрыўджаны словамі адкрытым вайбер-чаце супрацоўнік КДБ яшчэ да суда атрымаў ад Шурубейкі 1 500 рублёў, і заявіў, што прэтэнзій да яго больш не мае.

Суд Маскоўскага раёна Берасця 20 траўня вынес прысуд па крымінальнай справе Уладзіміра Шурубейкі, абвінавачанага ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса), паведамляюць праваабаронцы spring96.org.

Справу разглядаў суддзя Яўген Брэган, дзяржабвінаваўца — Дзягель.

Паводле версіі следства, 22 верасня 2020 года Уладзімір Шурубейка ў адкрытым viber-чаце „Вычулкі.Ямна”, „з мэтай прычынення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады і кіраванню” размясціў паведамленне ў дачыненні да супрацоўніка органаў дзяржбяспекі Сямёнава Дзяніса, якое змяшчае ў сабе негатыўную ацэнку асобы.

На папярэднім судовым пасяджэнні пракурор Дзягель у судовых спрэчках заявіў, што знаходзіць віну Шурубейкі цалкам даказанай, і папрасіў пакараць мужчыну 2 гадамі абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу – „хіміі”.

Наконт папярэдне агучанай матэрыяльнай прэтэнзіі Дзяніса Сямёнава ў памеры 2 500 рублёў стала вядома, што пацярпелы яшчэ да суда атрымаў ад Шурубейкі 1 500 рублёў, і заявіў, што прэтэнзій да яго больш не мае.

Сёння суддзя Маскоўскага суда Берасця Брэган абвясціў прысуд Шурубейку Уладзіміру: вінаваты. Пакаранне: два гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. У тэрмін адбытага пакарання залічыць 3 дні, праведзеных пад вартай, а таксама перыяд з 7 красавіка па 22 мая пад хатнім арыштам.