Прысуд журналісту-фрылансеру Андрэю Мялешку пакінулі ў сіле (абноўлена)



У абласным судзе Гародні 8 студзеня адбыўся разгляд касацыйнай скаргі журналіста-фрылансера Андрэя Мялешкі.

Mjalechka

У снежні ў судзе Ленінскага раёна Гародні яго прысудзілі да штрафу ў 40 базавых велічынь за супрацу з Беларускім Радыё Рацыя як сродкам масавай інфармацыі, якое не мае акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Журналіст не пагадзіўся з прысудам і вырашыў яго абскардзіць пры дапамозе юрыстаў Беларускай Асацыяцыі журналістаў.

– Я меў невялікае спадзяванне на тое, што суд нешта зменіць. Але нічога не змянілася, і суддзя пакінуў рашэнне папярэдняга суда ў сіле. Суддзя Анатоль Заяц прачытаў амаль поўнасцю скаргу на 4 старонках, якая была зроблена юрыстамі БАЖ, і мяне здзівіла, што ён падыходзіў да кожнага пункту, на якія я спасылаўся, – на Канстытуцыю, на Міжнародны пакт, на пункт самога артыкула Адміністрацыйнага кодэксу 22.9, і рабіў выгляд, што нешта спрабуе вырашыць.

Па словах Андрэя Мялешкі, ён пакуль не вырашыў ці будзе падаваць скаргі далей у Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, але мае намер дайсці да разбіральніцтва яго справы ў камітэце ААН па правах чалавека.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Суддзя гарадзенскага абласнога суда Анатоль Заяц не задаволіў касацыйную скаргу гарадзенскага журналіста-фрылансера Андрэя Мялешкі. Журналіст даводзіў праз касацыю, што суд першай інстанцыі на чале Юрыя Казакевіча незаконна прысудзіў яму адміністрацыйны штраф у суме шасці мільёнаў беларускіх рублёў. Адным з абвінавачванняў было тое, што ён працуе без акрэдытацыі для Беларускага Радыё Рацыя. “Але, паводле беларускага заканадаўства, такога адміністрацыйнага пакарання ўвогуле не існуе,” – кажа Андрэй Мялешка.

– З кожным разам надзея памяньшаецца. Ідзе на тое, што суддзі пачнуць разумець тыя заканадаўчыя акты, згодна якіх я працую, і прытрымлівацца іх таксама. Пакуль гэта незаўважальна. На маю думку, трэба, каб кожны журналіст падаваў скаргі, ціснуў на сістэму кожны раз, як парушаюцца правы і нават Канстытуцыя краіны, у якой яны жывуць. Але гэта, на маю думку, дае толькі псіхалагічны ціск.

Адміністрацыйны штраф, які ленінскі раённы суд Гародні прысудзіў Андрэю Мялешку, базаваўся таксама і на тым, што журналіст “вырабіў і распаўсюдзіў інфармацыю на сайце Беларускага Радыё Рацыя.”  Яго суд аштрафаваў, хоць давесці пра “выраб інфармацыі” не змог. “Мяне аштрафавалі за тое, што я прытрымліваюся Канстытуцыі Беларусі ды міжнародных пактаў, якія падпісала нашая краіна,” – падводзіць вынік суда Андрэй Мялешка. Цяпер Андрэй плануе давесці сваю касацыйную скаргу на Ленінскі раённы суд  да міжнароднага камітэта па правах чалавека.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара