Прысуды другой групе фігурантаў “пінскай справы” агучаць 6 ліпеня



У аўторак, 6 ліпеня, у судзе Маскоўскага раёна Берасця суддзя Вера Філонік агучыць пакаранне па другой групе фігурантаў “пінскай справы”.

Для дзесяцярых жыхароў Пінска пракуроры Міхаіл Дайнэка і Сцяпан Ляшок запрасілі ад 4 да 5,5 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама пацярпелыя сілавікі выставілі агульную суму маральнай кампенсацыі на 530 тысяч рублёў і 24 тысячы рублёў патрабуюць спагнаць камунальнікі і пінскі аддзел міліцыі за пашкоджаную маёмасць.

Па словах праваабаронцы Алеся Рамановіча, які прысутнічаў на “апошнім слове” палітвязняў, пінчукі паводзяць сябе годна:

– Трымаюцца, некаторыя прасілі паменшыць, казалі, што яны там аказаліся выпадкова. Былі і тыя, хто выступіў больш нармальна і казаў па судовую сістэму. Напрыклад, фраза пра тое, што вагі правасуддзя ўпалі. Розныя ёсць, там узроставая катэгорыя ад 19 да 45 гадоў, нават да 50.

Суразмоўца ўпэўнены, што суддзя Філонік не зменшыць тэрміны зняволення, але можа ўдвая абрэзаць сумы кампенсацый для пацярпелых сілавікоў, як гэта было і ў ходзе працэсу над першай групай фігурантаў “пінскай справы”.

Беларускае Радыё Рацыя