Прытулак для бяздомных у Аляксандраўцы ўсё ж не ліквідуюць?



Адбылася сустрэча кіраўніка дабрачыннага прытулку ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна Аляксея Шчадрова з мясцовымі ўладамі, якія мелі намер закрыць установу.

Падчас сустрэчы высветлілася, што чыноўнікі не маюць вялікіх прэтэнзіяў ні да кіраўніка прытулку, ні да ўмоваў утрымання людзей, што там знаходзяцца.

prytulak9-833x400

Аляксей Шчадроў атрымаў некалькі дробных заўвагаў і абяцанні супрацы з сацыяльнымі службамі Шчучынскага раёна, што на яго думку дапаможа ўтрымліваць прытулак у належным стане:

— Нам дапамагае многа людзей добрай волі. Прыязджаюць з Менскага касцёла, грэка-каталікі дапамагаюць. Вельмі добра дапамагае пробашч лідскага касцёла, ксёндз Уладзімір. Калі ў нас не было вопраткі мы звярнуліся і ён нам даў гуманітарку. Многа пасцельнай бялізны і адзення. «Caritas» таксама дапамагае. У Менску ёсць лютэранская царква, якая падтрымлівае нас. 

За чатыры гады існавання прытулку ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна, ягонымі наведвальнікамі і пастаяльцамі былі амаль 180 чалавек. Некалькі разоў мясцовыя ўлады, супольна з супрацоўнікамі міліцыі, спрабавалі закрыць установу, а супраць Аляксея Шчадрова была ўзбуджана крымінальная справа.

Сёння ў прытулку знаходзіцца каля 10 чалавек без пастаяннага месца жыхарства.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня