Прыватны музей Аляксея Радзівончыка з Пружан



Альтэрнатыву дзяржаўным музеям на Пружаншчыне ўсё часцей ствараюць прыватныя музеі і калекцыі. Справу мясцовых энтузіястаў распачаў народны майстар Беларусі, разьбяр Мікалай Тарасюк з вёскі Стойлы. Своеасаблівым прадаўжальнікам задумы Тарасюка стаў Аляксей Радзівончык з Пружан. Ён адкрыў на ўласным падворку прыватны музей сялянскага быту.

Імя Аляксея Іванавіча знаёмае ледзь не кожнаму пружанцу. У пакоях яго музея сабраныя ўнікальныя рэчы – кавальскі інструмент, маслабойкі, ткацкія прылады, адзенне і нават каласка, у якой некалі люлялі гаспадара музея. Асаблівым гонарам, па прызнанні стваральніка, з’яўляецца пакой з іконамі. Тут пад абразамі ён моліцца за сваіх родных і памерлых продкаў. Экспазіцыя дамашняга музея пастаянна абнаўляецца. Мясцовыя жыхары з задавальненнем дапамагаюць гаспадару Радзівончыку ў гэтай нялёгкай справе.

Ярына Троіцкая, Беларускае Радыё Рацыя